эпірскія пастухі схапіліся за грывы коняй клінабарскай конніцы, круцячы сваімі палкамі; коні панеслі іх і, скінуўшы коннікаў, пабеглі па полі. Раскіданыя ў розных мясцох карфагенскія прашчнікі стаялі ў здзіўленні, у цеснаце іх зброя была безкарыснай. Фаланга пачынала хістацца, начальнікі, не ведаючы што рабіць, бегалі, падштурхваючы салдат; варвары пастроіліся зноў; яны звярталіся; перамога была за імі.
Але раптам крык, — крык прарэзлівы, плач болі і гневу раздаўся ў першых радах варвараў, пабітых нечаканым націскам; гэта былі сланы, якія выцягнуліся двайным радам, і былі кінуты Гамількарам, чакаўшым, калі варвары згрупуюцца ў адным месцы. Хобаты іх, размалёваныя сурыкам, былі выцягнуты ўверх, як чырвоныя вужакі; на грудзях прымацавана была рагаціна, спіну пакрываў панцыр; клыкі былі прадоўжнымі, крывымі як шашка з жалезнымі клінкамі, — а каб зрабіць сланоў яшчэ больш злоснымі, іх напаілі сумессю моцнага віна з перцамі і ладанам. Яны пагрымвалі бубенцамі сваіх нашыйнікаў і вельмі моцна раўлі; паганятыя, якія сядзелі верхам на шыі сланоў, схілялі галовы пад струменем вогненных стрэлаў, якія ўжо ляцелі з вежаў.
Сланы раз’юшана ўрэзаліся ў натоўп варвараў. Нагрудныя шпоры, як нос карабля, рассякалі і адкідвалі назад бурлячыя кагорты; сланы хобатамі душылі людзей, ці выхоплівалі з радоў, перадавалі салдатам на вежы, распорвалі іх клыкамі, кідалі ў паветра, і даўгія ўнутранасці звісалі з клыкоў, як скруткі вяровак на мачтах караблёў.
Чым цясней змыкаліся рады, тым лягчэй сланы перакідвалі іх. Усе сілы наёмнікаў былі накіраваны цяпер супроць сланоў.
Варвары выколвалі ім вочы, падрэзвалі сухажыллі пад каленамі, ці, праслізнуўшы паміж ног, усаджвалі ў жывот меч па самую рукаятку і гінулі растоптанымі; асабліва смелякі па збруі ўзлазілі на сланоў і сярод полымя, пад градам каменняў і стрэлаў перапільвалі пасы і тады трысцінікавая вежа падала, як вежа з каменняў.
Чатырнаццаць сланоў на правым канцы, сшалеўшы ад ран, павярнуліся супроць другога раду; паганятыя схапілі свае даўбешкі і, прыставіўшы сталёвы разец да самай макаўкі, з усіх сіл білі іх.
Велізарныя жывёліны, схіліўшыся, пападалі адпа на адну. Атрымалася цэлая гара, і на гэтую груду цел і ўзбраення ўзлез