час парыўчаста дыхалі. На іх былі надзеты наморднікі, каб яны не маглі есці муку і рукавіцы без пальцаў закрывалі рукі, каб перашкодзіць ім хапаць яе.
Мацней затрашчэлі драўляныя перакладзіны пры з’яўленні гаспадара. Зерне расціралася, рыпела пад жоранам. Некалькі рабочых упалі на калені, астатнія, не перапыняючы работы, пераступалі цераз іх.
Гамількар падазваў начальніка рабоў — Гідэнема і загадаў зняць наморднікі. Тады, як галодныя зверы, усе з выем накінуліся на муку, пажыраючы яе, уткнуўшыся тварам у яе груды.
— Ты іх знясіляеш, — сказаў суфет.
Гідэнем адказаў, што так было трэба, каб прымусіць слухацца.
— Варта цябе было паслаць у Сіракузы ў школу рабоў. Загадай прывесці астатніх.
Па яго загадзе, кухары, віначэрпіі, канюхі, ганцы, носбіты насілак, лазеннікі і жанчыны з дзецьмі — усе выстраіліся даўгім радам у садзе. Яны стараліся не дыхаць. Гамількар павольна праходзіў, уважліва разглядаючы кожнага.
— Навошта мне гэтыя старыя? — сказаў ён. — Прадай іх. Тут надта многа галаў, — яны п’яніцы. І крыцян таксама многа; яны ашуканцы. Купі мне кападокійцаў, азіятаў і неграў.
— Вось зірні, Вока Ваала, — паказаў Гідэнем на асілака-лібійца, — гэтага ледзь здолелі выняць з пятлі.
— Э! Дык ты што-ж, жыць не хочаш? — з пагардай запытаў яго суфет.
Раб адважна адказаў:
— Так.
— Выведзіце яго! — загадаў Гамількар.
Далей ён запытаўся самніта, які хістаўся, як параненая чапля.
— А з табой што? Хто цябе скалечыў?
Выявілася, што сам Гідэнем пераламаў яму ногі жалезным прутом.
Гэтая бессвядомая жорсткасць страшэнна абурыла суфета; ён вырваў з рук Гідэнема агатавыя каралі — знак яго годнасці.
— Будзь праклятай сабака, якая кусае свой статак! Калечыць рабоў, о міласць Таніты! А! Так ты робіш жабраком свайго гаспадара! Задушыць яго ў кучы гною! А тыя, якіх тут нехапае? Дзе яны? Ці-ж ня ты іх перарэзаў разам з салдатамі?