— Не прадаваліся яны, ці што, сотні разоў ворагу? — выкрывалі другія.
Гамількар зноў з вялікім запалам пачаў гаварыць.
— Дык навошта-ж вы, насуперакі вашым звычаям, далі звярнуцца ім зноў у Карфаген? І трымалі тут, у вашым горадзе, бедных і шматлікіх, сярод усёй вашай раскошы? Ці вы разлічвалі, што яны самі сябе перарэжуць і пазбавяць вас тым ад сумных абавязкаў — выканаць свае абяцанні? Вы ненавідзіце іх за тое, што яны сільныя. А мяне, правадыра іх, вы ненавідзіце яшчэ мацней. О так, — я адчуў гэта зараз, калі вы мне цалавалі рукі, і ледзь стрымліваліся, каб не скусаць іх.
Калі-б ільвы, якія спяць на двары, рэвам уварваліся ў храм, шум, падняты імі, не мог-бы быць страшней. Тады падняўся вярхоўны жрэц Эшмун і, звяртаючыся да Гамількара, сказаў:
— Барка, Карфаген хоча, каб ты прыняў начальства над усімі пунічнымі сіламі супроць наёмнікаў.
— Я адмаўляюся, — адказаў Гамількар.
— Мы дамо табе неабмежаваную ўладу, — закрычалі верхаводнікі Сісітаў.
— Не!
— Без усякага кантроля, табе аднаму непадзельна, грошай колькі захочаш, усіх палонных і ўсю здабычу, пяцьдзесят еарэтаў зямлі за кожны труп ворага.
— Не, не, з вамі перамагчы немагчыма.
— Ён іх, мабыць, баіцца…
— Таму што вы подлыя, скарэдныя, няўдзячныя, баязлівыя, і да таго-ж бязмозгія.
— Ён іх шануе!
— Каб стаць на чале іх! — сказаў нехта.
— І напасці на нас з імі, — сказаў другі.
А з глыбіні залі Ганон пракрычаў:
— Ён хоча зрабіцца каралём!
І ўсе паўскоквалі, перакідваючы сядзенні і факелы; натоўпам кінуліся да афярніка, размахваючы кінжаламі. Але Гамількар выцягнуў з-пад рукава два шырокіх корціка; нахіліўшыся і выставіўшы левую нагу ўперад, пабліскваючы вачыма, сціснуўшы зубы, ён з выклікам глядзеў на іх, нерухомы, пад залатым кандэлябрам.