— Цяпер плацяць лібійцам, пасля разлічацца з грэкамі, пасля з балерамі, азіятамі і з усімі астатнімі. Вас-жа мала; вам нічога не дадуць. Вы не ўбачыце бацькаўшчыны. Вам не дадуць караблёў. Яны вас заб’юць, каб зберагчы харчы.
Галы з’явіліся да суфета на чале з Аўтарытам. Рабы яго выштурхалі, і ён вышаў, пакляўшыся, што яшчэ адпомсціць.
На наступны дзень, вышаўшы досвіткам з палаткі, Гіскон знайшоў сваіх перакладчыкаў, якія звычайна спалі знадворку, каля ўвахода, ляжачымі без руху. У кожнага вакол шыі зацягнуты тонкі шнурок з чарота.
З гэтай хвіліны бунт разрастаўся безупынна. Забіванне балеараў было ва ўсіх яшчэ свежым у памяці. Варварам здавалася, што рэспубліка заўсёды імкнецца іх ашукаць. З гэтым трэба было скончыць. Зарксас, цяпер прыгожы і ўзмацнеўшы, з вянком вакол галавы, спяваў ваенныя песні; гал Аўтарыт размахваў сваім велізарным мечам; Спендзі шаптаў нешта аднаму, а другому даставаў кінжал. Хто быў мацнейшым, стараўся сам здабыць сабе плату; менш заўзятыя прасілі аб працягванні раздачы. Ніхто не пакідаў зброю і агульнае раздражненне абярнулася супроць Гіскона, вырасла ў неўгамоўную нянавісць.
Многія ўзлазілі да яго на трыбуну. Калі яны лаяліся, натоўп цярпліва іх слухаў, але за кожнае нязначнае слова ў яго карысць няпрошаных абаронцаў зараз збівалі каменнямі, ці падкраўшыся ззаду, ударам меча адсякалі ім галаву. Груда мяшкоў была чырванейшая, чым ахвярнік.
Нарэшце, навальніца разбушавалася. Салдаты разбілі велізарны куфар; ён на тры чвэрткі быў пусты. На вачох іх вынімалі адтуль так многа грошай, што яны лічылі яго невычарпальным; мабыць Гіскон схаваў частку ў сябе ў палатцы. Яны ўзлезлі на груды мяшкоў. Мато іх вёў, і на крыкі іх: «грошай, грошай!»
Гіскон нарэшце адказаў:
— Хай дасць вам іх ваш правадыр.
Ён маўкліва і цвёрда глядзеў на іх сваімі вялікімі жоўтымі вачыма, і даўгі твар яго быў бялей барады. У яго ў вуху, у шырокім залатым колцы захрасла страла затрыманая пер’ямі і на плячо сцякаў з ціары струмянёк крыві.
Па знаку Мато ўсе кінуліся ўперад. Гіскон працягнуў рукі; Спендзі пятлёй сцягнуў яму іх; нехта перакінуў яго, і суфет знік у мітусніне натоўпу, які наваліўся на гурбу мяшкоў.