аслепленыя факеламі вочы; цяжкі ўздых палёгкі вырваўся з яго грудзей, калі ён заўважыў, што ніхто з натоўпа ўзброеных людзей не выказвае да яго злосці; ён нешта невыразна мармытаў і рассмяяўся скрозь ясныя слёзы, якія абмылі яго твар.
Ён расказаў пра сябе, Яго звалі Спендзіем. Карфагеняне захапілі яго ў часе Эгінейскай бітвы; і, гаворачы на мове грэкаў, лігураў і пунійцаў, ён зноў і зноў прымаўся дзякаваць наёмнікаў, цалуючы ім рукі.
Баль аднавіўся. Але раптам, не гледзячы на шматлікасць, воіны адчулі сябе адзінокімі; вялізарны горад, які спаў унізе пад імі, стаў палохаць іх сваімі бязлікімі ўсходнямі, высокімі чорнымі дамамі і таемнымі багамі, яшчэ больш жорсткімі, чым сам народ. У далечыні некалькі агнёў паблісквалі ў гавані; у царкве Камона відаць было святло. Воіны ўспомнілі Гамількара. Дзе гэта ён? Чаму ён пакінуў іх, раз мір заключаны? Ненасычаны гнеў іх абярнуўся цяпер на яго, і яны клялі яго, сваім уласным гневам узбуджаючы адзін аднаго.
У гэту мінуту пад чынарамі сабраўся натоўп. Глядзелі на негра, які ў курчах біўся ўсім целам аб зямлю, са спыненым позіркам, зведзенай шыяй і пенай на вуснах. Нехта крыкнуў, што яго атруцілі. І ўсім здалося, што яны таксама атручаны. Воіны накінуліся на рабоў — шалёнае прагненне бурыць і крышыць віхрам пранеслася па п’яным войску. Яны білі навокал па чым папала, ламалі, забівалі; адны кідалі факелы ў лісцё, другія, абапёршыся на загарадкі, абкружаўшыя роў са львамі, перабілі іх стрэламі; самыя адважныя кінуліся на сланоў, яны хацелі збіць іх хобаты і паспрабаваць слановай касці.
Наёмнікі рассыпаліся па велізарных садах, асвятляючы шлях факеламі. Ім трапілася маленькае возера, якое было падзелена на некалькі басейнаў сценкамі з сіняга камня. Струмяні былі такія чыстыя, што полымя факелаў трапыхалася да самага дна, на ложы з белых каменьчыкаў і залатога пяску. Вада забулькацела, заварушыліся зіхатлівыя бліскаўкі золата і таўстыя рыбы з пашчамі, аздобленымі каштоўнымі каменнямі, паказаліся на паверхні.
Заліваючыся смехам, воіны падсунулі ім пальцамі пад жэбры і прынеслі на сталы.
Гэта былі рыбы, які вельмі паважаліся родам Баркі. Яны пачыналі свой род ад тых першатворных мянтузоў, што парадзілі