Усе яны цяпер страшэнна схудзелі; скура пакрылася месцамі сіняватымі пражылкамі, як на мармуры. Увечары дзевятага дня памерла тры іберыйцы.
Перапалоханыя таварышы іх пакінулі ранейшае месца. З трупаў знялі вопратку і голыя белыя целы ляжалі на пяску пад сонцам.
Тады вакол іх пачалі павольна бадзяцца гараманты. Гэта было племя людзей, якія прывыклі да жыцця ў пустынных мясцох, і якія не пакланяліся ніякім багом. Нарэшце, старшы ў атрадзе зрабіў нейкі знак, і, схіліўшыся над трупамі, яны выразалі нажамі даўгія палосы мяса; пасля, прысеўшы на карачкі, прыняліся за ежу. Астатнія здалёка глядзелі на іх; пачуліся крыкі агіды і жаху, — але многія, аднак, у душы пазайздросцілі іх мужнасці.
Сярод ночы, некаторыя з гэтых, якія яшчэ вагаліся, падышлі да гарамантаў; тоячы свае жаданне, яны прасілі толькі маленькі кавалачак, толькі для паспытання, як яны гаварылі. І другія асмялелі за імі; лік іх узрастаў; хутка там сабраўся цэлы натоўп.
Той, хто перш адмаўляўся, ішоў цяпер да гарамантаў і ўжо не варочаўся назад. Яны на вугалях падпякалі кавалкі, надзеўшы іх на кончык меча; пасыпалі попелам замест солі і сварыліся за лепшыя кавалкі.
Потым, з прычыны таго, што трэба было жыць, што густ да гэтай ежы прышчапіўся, бо ўсе паміралі ад голаду, пачалі заколваць носбітаў вады, конюхаў, усіх служак наёмнікаў. Кожны дзень каго-небудзь забівалі. Некаторыя елі вельмі многа, узмацнелі і зрабіліся менш сумнымі.
Але хутка і тут пачала адчувацца няхватка. Тады жаданні абярнуліся на параненых і на хворых. Раз яны не маглі вылечыцца, ці не лепш было пазбавіць іх ад пакут; варта толькі было каму-небудзь пахіснуцца, як усе пачыналі крычаць, што ён загінуў і павінен паслужыць для другіх. Ужывалі хітрыкі, каб паскорыць іх смерць; у іх кралі апошнія рэшткі агідных порцый; быццам знянацку, на іх наступалі нагой; паміраючыя, каб запэўніць другіх у сваёй бадзёрасці, спрабавалі працягваць рукі, падымацца, смяяцца.
Туман, цяжкі і цёплы, звычайны ў тых краях у канцы зімы, апусціўся на войска на чатырнаццаты дзень. Змена тэмпературы пацягнула за сабой частыя смерці; і ў гарачай вільготнасці замкнутай схіламі гор, разлажэнне адбывалася з жахлівай хут-