Перайсці да зместу

Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Гэта было зьнячэўку. Вінцэнты здрыгануўся. Бушмар ехаў паўз лес аднекуль, з-за лясной завіліны выехаў раптоўна. Вінцэнты спыняецца і дрыжыць.

— Адкуль гэта едзеш, васпане? — выгаворвае ён.

— От я табе зараз скажу, адкуль я еду, — чуе ён Бушмараў адказ.

Дык ён пачынае падлагоджвацца пад Бушмара гаворкаю:

— Гэта я дзеля разрыўкі. Па вецьце пайшоў. Ты думаеш, мяне з хаты вельмі выпраўляюць гэта? Барані божа. На сына й на нявестку я не паскарджуся. Гэта я сам дзеля разрыўкі. Дзеля разрыўкі…

Гаворыць слабым, роспачным голасам і глядзіць, як Бушмар злазіць з возка і прывязвае свайго каня да прыдарожнага дубка.

— Дзеля разрыўкі гэта я…

— От тут табе зараз будзе й разрыўка.

Гаворыць Бушмар і з д’ябальскаю ўсьмешкаю ідзе да яго. Барада яго зрабілася няроўнаю ад таго, што сьціснуты зубы. Бровы ссунуліся і зьехалі ўніз так, што аж закрылі вочы, але вочы гэтыя ядуць Вінцэнтага. Ён чуе гэта яшчэ здалёк і спускае на сьнег вецьце. Бушмар не сьпяшаючы бярэ яго за штрыфлі вопраткі.

— Гва-а-алт!.. Васпане, што робіш!

— Пачакай, не гвалтуй.

Яны так і стаяць, упіўшыся адзін у аднаго вачыма — адзін глядзіць, як агнём смаліць, другі міргае і пускае паабапал носа дзьве сьлязіны.

— Дык цябе сын не выпраўляе па вецьце?