першы раз на жыцьці сваім. Ні то што яму балелі ногі, ці нылі плечы, ці туманілася галава — ад дзённай дарогі, ад вячорнага ўтрапеньня — штосьці іншае было. Як у тумане прайшоў ён тое месца паўз лес, дзе сядзеў калісьці, чуючы радасьць сьцяны між ім і Аміляю, дзе ўглядаўся ён на коршана над лесам — ён цяпер гэта, праз колькі год, задрыжаўшы ўвесь, успомніў. Як праз імглу, бачыў ён пакарпаную плугамі дарогу пад нагамі, раскапанае глінішча на цэглу, навожанае дрэва за вёскаю, паадворваныя межы, паразьбіраную агароджу… Усё інакшае, як было нават гэтак нядаўна, калі забіралі яго ў адседку…
Усё рушыцца і ўцякае!
Галас гайсаў перад ім. Брэх яго гулка рваў лесавую цішыню.
Прыйшоў дадому Бушмар позна. Галена карміла дзіцянё.
— Дзе ты ходзіш? — сказала яна.
Ён маўчаў.
— Чаму не адказваеш?
Як-бы ўсё йшлося тады на тое, каб выслухваць яму людзкія ўшчынкі.
— Ты маўчыш, дык і я магу маўчаць. Як ты прывітаў мяне, вярнуўшыся ад такое свае бяды? Няшчасьце мінула, дык ты няма каб пачуў гэта, разам са мною, з дзіцём, якога яшчэ не бачыў, а пачаў думаць пра ўсё, чаго ня было. Чаму ты не паверыў мне і нават чаму ты пытаў гэта? Ці гэта вінават хто, што гаспадаром ты стаў меншым? Можа-б, ты мог-бы на ўсё іншае забыцца тады, а пабыць, як чалавек, з сва-