Перайсці да зместу

Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Андрэй тады гаворыць колькі жорсткіх слоў пра дурную чалавечую нецярплівасьць і пра нуду з гэтакімі людзьмі. І сыходзіць куды-небудзь з хаты.

«Пануры ён чалавек» — думае тады пра Андрэя Аміля, ня ўмеючы іначай назваць братавай натуры.

IV

Неба было над лясамі сіняе і ціхае. І ціха было ў самых лясох. Восень зрабіла сваё і адпачывала на палянах — там яшчэ зелянілася трава, стаяла вада. Сям-там яшчэ жоўты лісток трымаўся на дрэве, гатовы і зімаваць там… Гэтай ціхасьці не парушалі і вятры. Яны густа ішлі ў сваю дарогу, дзікаю ласкаю ападаючы на зямлю. Сонца часамі выкрадвалася з-за хмар, але восень, перад скананьнем сваім, любіла хмурнасьць. Гэтак дажывала восень апошнія дні. Туман з рэчкі ці лагчыны або дым з пастушковага вогнішча калі ўзнімецца, дык нявысока стаіць над зямлёю. І гукі людзкога голасу зьвіняць доўга ў гэтай прасторнай цішыні.

Дарогі былі пустыя. На дарозе высокая чалавечая постаць вырасла раз надвечар. Жорсткі і рухавы выгляд яе рваў гармонію ціхае восеннае ласкавасьці.

Чалавек сьпяшаў. За плячыма ў яго матлялася пустая торба. Ён толькі на ўзгорку прыпыніўся, адкуль больш відаць было зямлі навокал. І зноў засьпяшаў. Вёску ён абышоў стараною, але яго ўсё роўна ўбачылі. І ўсе гаварыць пачалі пра яго.

— Бушмар ішоў дадому з вастрогу.