Перайсці да зместу

Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— А я даўно хацела вас пабачыць.

Аміля йшла назад шпарчэй. Яна ж толькі хацела паглядзець на другога Бушмаравага сына, ці не падобен ён да яе сына! Гэта было-б страшна! Тады яна магла-б зьнялюбіць яго. Бо й прыйшоў ён на сьвет праз гэтакія пакуты, якія дарэшты выветрылі ўсе маладыя імкненьні. Першы-ж сын яе раней браў усю матчыну ласку! Не, яна пароўні дзеліць цяпер гэтую ласку між абодвума сваімі сынамі! Сынамі сваімі!

Яна гнала ад сябе страшныя думкі.

«А яшчэ тая запрашае на хутар! На той самы хутар!»

Чамусьці нейкую крыўду раптам пачула яна ў гэтым запрашэньні. Наўмысную зьнявагу да сябе. Нават, можа, кпіны.

Ня думаючы, Аміля вярнулася. Галена паволі ішла сьцежкаю на іржышчы.

— Я пайду на хутар.

— Добра… Я-ж прасіла вас.

Галас пазнаў сваю ранейшую гаспадыню, стаў лашчыцца да Амілі.

Вось тое самае месца, дзе яна была калісьці нагнулася завязваць чаравік. Той самы дзядзінец і сад…

Аміля ўвайшла ў хату сьледам за Галенаю.

— Не ўдаліся мне маладыя гады, — сказала Галена.

— А вы думаеце мне ўдаліся!

Аміля гэта аж крыкнула. Галена здэтэнавалася.

— … І мне не ўдаліся! Вы ж тады (я добра заўважыла вас) былі на судзе, вы чулі ўсё, як-жа вы гэта