там. Адно за адным пайшлі ад яго лісты: «глядзі сябе добра», «пільнуй сябе ў сваёй хаце», «трымай усё, як мага, ня збывай нічога, а я доўга тут ня буду»… Хтосьці малапісьменны, мусіць допраўскі бушмараў таварыш, выпісваў прывітаньні, пажаданьні, імкненьні Бушмаравай душы. Але Галена пазнала Бушмара толькі ў словах пра гаспадарскі набытак, пра «пільнаваньне сябе ў хаце». За гэтымі словамі і жыла Бушмарава душа, якая для Галены была яснаю і вядомаю і якая не патрабавала для выказваньняў шматслоўя. Галена разгадала: поўны нечаканым утрапеньнем, прыглушаны бядою, Бушмар спачатку ня думаў ні пра што. Як-бы ўсё ўжо было скончана, больш ужо нічога ня трэба на сьвеце чалавеку. Але пасьля зьяўляцца пачала абыкласьць, незвычайнае стала набываць адзнакі звычайнасьці, і тады зноў чалавек стаяў на зямным грунце.
III
У хутарской адзіноце Галена нарадзіла сына. У той самы дзень Бушмараў брат ледзьве ўспеў прывясьці сваю жонку, а праз які дзень Галена пачала брацца за работу. Братава жонка паехала. Гэтай Бушмаравай радні Галена ня любіла.
Бушмараў сын удаўся ўвесь у матку. Бацькаўскі быў толькі колер вачэй. Гэта гаварылі ўсе, хто бачыў яго. А паглядзець на малога падыходзілі людзі пад Галену, калі яна выносіла яго ў лес і за лес. Яна несла яго скрозь паўз сьцяну лесу, думала толькі пра яго