ХІV
Бушмар бачыў, як Аміля далей усё адыходзіла ад яго. Неяк гэта раптам заўважыў ён, у адзін сонечны дзень. Усё нагадвала тады блізкую восень. Сям-там жаўцеў лісток на дрэве, вялікая была ўжо атава на паплавох. Ён не здагадваўся, ня чуў, што Амілі цяжка з ім. Ён ня мог гэтага ведаць з самой натуры свае. Сам жа ён несьвядома адчуў дзікую радасьць з усяго гэтага. Можа й яшчэ ён калі будзе блізкі да яе, але ўжо было тут канец. Ён штосьці мармытнуў раз быў ёй, але яна не адказала наўмысьля ці не заўважыла. І гэта аж страсянула яго. Ён выйшаў на двор і агледзеў шпаркім зіркам навокал усё — зялёную рунь зямлі, лес, неба… і пайшоў так як ёсьць, бяз вопраткі, бяз шапкі за браму. Ён сеў на каня, каб завесьці яго на атаву, а выехаў за лес і прыпыніўся там. Ён доўга сядзеў так на сваім хутарскім дэрашу, трапаў яму грыву і стаў, як дзіцё — радасны, без думак аб прычынах. Ён чуў як вецер ідзе над лесам, трашчыць і гудзе ў верхавінах спрадвечных дрэў, падае на зямлю і вялікаю сьвежасьцю абдымае ўсё. Ён убачыў над лесам буйнага коршака і ня зводзіў з яго вачэй. Ён, здавалася яму самому, чуў нават пах пер’я гэтай птушкі і от ужо — раздзьмуліся яго ноздры, вочы сталі шпаркімі іскрамі. Ён пусьціў каня і сеў на зямлю. На траве, на хвойных шыпулях сядзеў ён доўга, так як-бы тут было яго ўсё.
Перад гэтым-жа, у той самы дзень Аміля перажыла пакутную гаворку з братам. Ён ужо сам зьбіраўся ісьці да яе, бо сам ужо ведаў.