— Дзе дома?
— У Андрэя была. Сына свайго глядзець хадзіла. Сын у мяне ёсьць, ведаеш?.. Той самы, пра якога ты ўчора дапытваўся, ад каго ён. Той самы, мой сын. Ты чуеш пра майго сына?
— Ён сьціснуў зубы, аде на гэта змоўчаў. Толькі глянуў на яе. І раптам зьдзіўленьне нейкае засьвяцілася ў яго вачох.
— Дык от я цябе пытаю, ты павінен сказаць мне.
— Я ня ведаю, што ты хочаш, каб я табе сказаў.
— Я кагадзе гаварыла табе што.
— Я табе нічога не рабіў кепскага.
— А вечарам ўчора, ты забыўся?
— Я цябе ня біў.
— Канешне біць?! А што ты гаварыў мне! Ты памятаеш, што ты гаварыў мне?
— Я табе гаварыў праўду.
— Праўду? Гэта твая праўда?
Ён зноў узьняў на яе вочы. Ён ніколі на бачыў яшчэ яе гэтакаю. Ні адна жанчына ніколі не гаварыла яшчэ з ім гэтак. Ён маўчаў, зьдзіўлены.
— Што-ж ты маўчыш?
— Што табе гаварыць?
— Ты лепей сам ведаеш.
Пасьля доўгае маўчанкі свае, яна пачула яго пануры голас:
— Тое прайшло.
Ён пачаў заікацца.