Перайсці да зместу

Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

з леташніх хвойных іголак маўчала пад нагамі. Тут было ціха і прытульна. З-пад дрэў цёк водыр вечна маладога ядлоўцу, пахла хвоя і лясная зямля. Вечнасьцю дыхала ўсё. Нават чулыя гукі былі як цішыня.

Аміля выйшла за лес. Сонечнае поле жыло клапатлівым веснавым днём. Яно гучэла птушынымі галасамі, зелянілася ячменямі і аўсамі. У бок ад узгорка туліліся да яго знаёмыя стрэхі.

Як-бы шукаючы чаго, Аміля палажыла да лба над вачыма руку і ўгледзелася ў поле. Вецер абвеяў ёй твар. Ня думаючы, яна пайшла паціху цераз поле. Перад ёю, наводдалек, бегла хвалямі жыта.

Андрэева хата ветліва глянула на яе спарахнеласьцю сваіх сьцен. На прызьбе, на ўмятай кастрыцы, драмаў узлахмачаны сабака. Ён толькі гультайскім зіркам правёў яе ў двор. Там яна ўбачыла свайго малога. Ён адразу пабег да яе:

— Мама!

Яна панесла яго ў хату. Там быў ранішні розрух. Ляжалі няпрыбраныя, расьцягненыя пасьцелі; самому ад сябе цесна здавалася. Усё было гэтакім знаёмым — усё, як і заўсёды — на тым самым месцы, як і шмат год да гэтае хвіліны. Усё тут цякло паволі, з вонкавым спакоем… Нават нейкае зельле, якое яна сама, гадоў можа тры таму, заткнула за трам — яшчэ й цяпер тырчыць адтуль.

Аміля выцягнула гэтае зельле і кінула ў сенцы. На палку каля печы панакіданы знаёмыя лахманы…

Думкі пачалі бегчы шпарчэй, вырывалі абрыўкі мінулага, забытага, што здавалася пахаваным назаўсёды.