— Я чуць не вярнулася, думала што здарылася, — шапнула яна і змоўкла зусім.
Бушмар цераз увесь двор бегам нёс яе назад на руках.
Праз паўгадзіны яна нехаця вышла на ганак. У расчыненых дзьверах няўзабаве зьявіўся за ёю Бушмар. Яна сышла з ганку, вельмі паволі зноў моўчкі пайшла да брата, ці толькі зрабіла выгляд што йдзе. Бушмар зьбег з ганку за ёю. І з трох крокаў зноў схапіў яе на рукі. Хітрая жаночая ўсьмешка лягла на твар яе. Яна ўзмахнула рукамі, вызваліўшы іх з-пад Бушмаравых, узьняла ўгору галаву і ахапіла яго за шыю. Бушмар панёс яе зноў у хату.
VI
Віславухі, белавусы, стары Вінцэнты стаяў за лесам на дарозе. Амілін брат падыходзіў да яго ўпоперак цераз ральлю. Твар Вінцэнтага тоненька ружавеў на ветры, нядаўна зголены, гладзенькі. Амілін брат ледзьве цягнуў ногі па цяжкай, скібаватай ральлі.
— Адпоўз Бушмар за лес, — сказаў Амілін брат.
— Напалі на чалавека, — адказаў Вінцэнты.
— Будзе з яго аднаго.
— Можа будзе, а можа й не. З таго боку лесу тамашнія яшчэ падбіраюцца. Так мусіць і адхвацяць усю гору.
Вінцэнты задумённа плюнуў, абцёр рукавом вусы. Твар яго на ветры заружавеў і пагладзеў больш. Здаваўся мокрым. Цераз поле, з кустоў, ішлі людзі. Амілін брат уваткнуў ля дарогі тычку, міргнуў Вінцэнтаму.