— А хто ведае?
— Я не паіў тады яго цэлую ноч, баяўся, гэтакі быў ён змардованы. Можа хіба ён яго дзе ў рэчцы за агародамі папаіў, як пад’яжджаў дадому.
Андрэй хапіўся за галаву.
— Бяжы на пшанічышча, бяры аднаго каня, запрагай і гані па доктара ў мястэчка.
Стафан рушыў бегчы. Жняярка ў той дзень гуліла да самага вечара.
Каня так моцна ўзяло, што праз колькі дзён ён кончыўся. Наладзілі сьледзтва. Усім вядома было, што гэта Вінцанцюк пастараўся, але выразнага доказу ня было. Усё было зроблена гладка — і канцы ў ваду.
Праз колькі часу, аднойчы вечарам, Ўладзя йшоў з хлапцамі гуляць. Было ўжо ня лішне рана. Быў ясны змрок маладога месяца. Крыху цягнула ветрам з вячорнага поля. Хлопцы мінулі ўжо кузьню — яна стаяла на агародах, наводшыбе крыху ад усяе забудовы — і заўважылі, як хтосьці адарваўся ад цёмнае сьцяны дубовага лесу і, азірнуўшыся, перабег упоперак дарогу да крайняга дому. Хлопцаў цюкнула. Чалавек, відаць, заўважыў цяпер іх, бо раптам падаўся назад і, як-бы так гэта чаго ходзіць тут, спакойна пайшоў скрозь дарогаю. Хлопцы рушылі за ім. Бушмар! Яго пачалі насьцігаць.
— Чаго, пане Бушмар, шукаеш тут?
— Цяля зьбегла, можа, думаў, прыбілася сюды.
— А можа яшчэ што зьбегла?
— Не, больш нічога.