Перайсці да зместу

Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/121

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

хат чатыры было гэтакіх, што не пайшлі разам з усімі, а ахоўвалі ўсё яшчэ сваю ўласную гаспадарку, на якой «сам сабе панам». Гэта — з таго краю вёскі, некаторыя нават перанесьлі на сваё поле (было яно якраз наводшыбе) хаты і аселі дробнымі асэсарамі. Чакалі ўсё «зьмены ўлады», а найбольш, «што палякі прыйдуць». Там Бушмар і бываў цяпер часта. Першыя часы яны з Вінцэнтавым сынам зрабілі былі выгляд, што нічога прыкрага між імі ня было, а пасьля гэта, вельмі хутка, стала абыкласьцю, і ўсё ранейшае забылася. Бушмару ўсё-ж часамі ўзбягала на думку тое, як Вінцэнты ляжаў прыбіты пад дубам, уехаўшы плечуком у мокры сьнег. Раз нават ён, як-бы апраўдваючыся, загаварыў пра гэта з сынам Вінцэнтага. Ён пазаікаўся крыху, выразна ня могучы выказаць тое, што хацеў. А гаварыць трэба было асьцярожна. Вінцэнтага сын падумаў быў, што гэта Бушмар выгаворвае яму за Галену, і сам штосьці заблытаў словамі. Так яны абодва змоўклі і па той раз маўчалі пра гэта. Бушмар, ходзячы сюды, ні то што гэта вельмі хацеў бачыць гэтых людзей ці гаварыць з імі. Але ён чуў, як у ім рабілася нейкая работа і пасьля як мае быць (чаго раней з ім ніколі ня было!) меў у галаве сваёй нават плян нейкі свае дзейнасьці. Нейкая рыса зьявілася ў ім новая, як-бы ўкрадзеная ад нябожчыка Вінцэнтага. Гэта было штосьці падобнае да хітрасьці, хоць і ня хітрасьць. Ён усё бліжэй трымацца пачаў Вінцэнтавага сына. А той таксама штосьці трымаў у галаве сваёй, часамі даходжваючы туды, дзе ля лесу бялелі новыя колгасаўскія будынкі.