Перайсці да зместу

Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

РАЗЬДЗЕЛ ПЕРШЫ


I

Зьвераватую панурасьць Лявону Бушмару перадаў бацька — княжацкі дробны арандатар. Памёр ён тады, калі Расія ваявала з немцамі. Акрай таго лесу, які ўсё жыцьцё сваё вартаваў яго бацька, арандаваў ён ад князя добрую дзялянку зямлі. Калі ажаніўся і аддзяліўся ад бацькі — забудаваўся на арэндзе, усё ў лік арэндных выплатак князю. Гэта быў стары моцны як дуб. Пражыў ён на сьвеце год мусіць з дзевяноста і рабіў усё да самых апошніх дзён сваіх. Нават казалі, што гадзін за дзьве да сьмерці зьеў яшчэ пару цьвёрдых антонавак — гэтак сканаў у памяці і бяз думак пра сьмерць; доктара пры ім ня было ніколі, ад самых малых дзён і аж да скананьня. Ня любіў ён дакторскіх лекаў, зваў гэта прымхаю, панскаю выдумкаю, хоць паноў сам ня цураўся. Ня верачы ў дактароў, ён гаварыў, што чалавек павінен як мае быць працаваць, колькі трэба выспацца, умеру, смачна зьесьці — і тады будзе здароў. Калі прыяжджаў, бывала, у свае лясы князь, ён, разам з іншымі княжацкімі дзедзічамі і гэтакімі як сам дробнымі арандатарамі, заўсёды зьяўляўся ў маёнтак — стаяў там з усімі перад ганкам па гадзіны дзьве бяз шапкі, пакуль выйдзе павітацца з імі князь.