Перайсці да зместу

Старонка:Лявон Бушмар (1930).pdf/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Каб памёр, дык варушыліся-б каля яго, — сказаў пад нос сабе Бушмар і прамчаўся вёскаю. Галас дагнаў яго ў чыстым полі. Ён прагнаў сабаку дадому. Каня гнаў так, як-бы пагоня насьцігала яго.

X

Вінцэнты ачомаўся надвечар. Сьнегавы холад абудзіў яго. Вельмі балеў левы бок і плячо. Нават зварухнуцца было цяжка. Ён папробаваў крычаць, але ня мог. Замест голасу было штосьці ня людзкае, немагушчае. Ён ляжаў гэтак і калаціўся ад холаду. Разам з тым гарачка туманіла галаву і ламала калені. Разгаты дуб упіраўся над ім у неба. Вецер не даваў спакою. Вінцэнты зноў пачаў траціць прытомнасьць, але востры струменьчык думкі на момант устрасянуў яго. Ён зрабіў нечалавечы рух балючым целам і сяк-так перакінуўся на другі бок, пасьля лёг на жывот. Грудзі ўехалі ў цяжкі сьнег. Уткнуўся ў яго і твар. Цяпер стала яшчэ горш. Ён так пабыў, пакуль адсопся і папробаваў паўзьці. Ногі былі здаровыя, ён імі ўпіраўся ў сьнег і гэтак патроху браўся наперад. Так выкіроўвацца пачаў на сьцежку. А там ужо шукалі яго.

Тым часам каля сьцежкі ён зусім страціў сілы і прытомнасьць. Як бралі яго пасьля на сані, яму здавалася, што гэта Бушмар, дробны паўпанак, саджае яго ў свой фаятон, а ён ня хоча лезьці: «я яго ніколі ля касьцёлу за локаць ня трымаю, у яго нават свайго лёкая няма. І ня гонар мне езьдзіць у яго