Выціраў іх сваімі цьвёрдымі, касьцявымі рукамі, с каторых мазалі і ня думалі зыйсьці, хоць ён мала працаваў цяпер, відаць да самых косьцяў уеліся мазолі старадаўные…
∗
∗ ∗ |
Гэтак прайшлі два гады.
Крыўда ад сваіх хатніх што раз часьцей і часьцей спатыкала старога Габруся…
— Не магу гэтак! Не магу! — гаварыў ён сам с сабой — німа чаго Богу грашыць, дажыўся…
Умарыўся!…
∗
∗ ∗ |
Усе ў хаці спалі і ніхто ня чуў, як дзед злез с печы, нацягнуў на ногі свае сьвяточные боты, сьвітку, як закінуў вялікую зрэбную торбу на плечы, ўзяў кій у рукі, пярэжагнаўся на абраз і вышоў с хаты…
∗ ∗
∗ |
Будзь шчасьліва, хатка мая родная! Кожнае бярвенцэ тваё хіліла мой крыж у ніз… Састарылася ты разам са мной… Цябе яшчэ падправюць, падбудуюць, але мае старые косьці зараз зусім разсыпюцца…
— Будзь шчасьліў кут мой мілы, дзе жыў я з малых дзён сваіх!
Бывайце здаровы, неспагадные дзеткі мае! Я пайду ад вас…
Ой, умарыўся тут! Німа чаго Богу грашыць, мо і сапраўды жыву подаўга, як тая старадрэвіна…
Калі гэтак — дык пайду жэбраваць!… Добрые людзі будуць карміць, адзеваць і пазволюць хоць на адну ночку галаву старую прытуліць… За тое будзе спакайней на душы, бо яны людзі чужые, а ня дзеці родные, за каторых я здароўе свае страціў…
Мутные сьлёзы капалі па твары, ён адвярнуўся у другі бок і пашоў гасьцінцам…
Цемра глынула яго і ён, як бы ўцекаючы ад ворага, сунуўся далей і далей….
— Умарыўся!… Жыцьцё перажыць гэта ня поле перайсьці с сахой…
Стары Габрусь ужо дабраўся да цёмнага бору і скора схаваўся паміж сасонак…
Зьмітрок Бядуля.
Рэдактар-Выдавец А. Уласоу.
Літэратурны — Рэдактар Мацей Краніука.
Мінск, Александроўская вул. № 25.