Жыцьцё бье крыніцай,
Ажыўчай расіцай,
А чыстай — от быццам сьлеза…
Рус. 1-я(бярэ яе за руку):
Дзе бачыш ты гэта?
Рус. 4-я:Там вечнае лета,
Там вечная шчасьця краса…
Рус. 2-я:Чый край той шчасьлівы?
Рус. 4-я:Зноў бачу… о дзіва!
Штось рушыцца… сыплецца ў пух…
Русалкі да сябе: Аб чым гэта мова?
Рус. 4-я:Разбіты аковы, —
Свабодны ўзьлетае…
Русалкі:Хто?
Рус. 4-я:Дух…
Русалкі:Ды чый?
Рус. 4-я:Чалавека…
Русалкі:Якога?
Рус. 4-я:Ад века, —
Што лямку няволі цягнуў…
Русалкі:Дзе? дзе? мы не бачым.
Рус. 4-я:(з моцай): Досьць енку, досьць плачу —
Уладар к сабе уладство вярнуў!
Русалкі:Дзе? дзе??
Рус. 4-я:Во — зарою
Над роднай зямлёю
Усходзе… во — сонцам гарыць:
Высокі — пад неба,
Азвецца — і глеба,
Бы ліст на васіні дрыжыць…
С чала дзьве зарыцы —
Дзьве родны сястрыцы —
Праменьні сплетаюць свае.
Да хмар даланёю
Дастаў ён адною,
Другой — да зямлі дастае…
Русалкі:Уладар наш… о, мілы!
(працягіваюць рукі)
Чалавек[пачынае варушыцца; бармочэ праз сон]:
Мяне да магілы…
Да раю — пушчайце…
Рус. 4-я:(пахінаючыся над ім):
Чаго?
Чалавек:Я жыць — жыць хачу я!…
Русалкі:Сон думкі бунтуе,
Сон марамі страшэ яго…
Рус. 4-я:(упершы вочы у яго);