Старонка:Лукішкі (1929).pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ДА МЯНЕ ВЕРАБ‘І ПРЫЛЯТАЮЦЬ

Да мяне вераб‘і прылятаюць
І садзяцца на краце маей.
Чык-чы-лік. Чык-чы-лік! — напяваюць,
Сэрцу стане цяплей і мілей.

Не пяі, не пяі, верабейка,
Бо ня ў сілах з табой паляцець, —
Дзе над рэчкай галосіць жалейка,
Стракацяць кавалькі ў траве.

Заржавела каса пад страхою,
Сіратліва глядзіць барана.
Не змагацца мне ў лузе з травою,
Не скародзіць мне родны дзірван.

О, хацеў-бы ляцець я з табою,
Дзе Вяльля ўецца стужкай, бяжыць,
Дзе над рэчкай вячэрняй парою
Асака аб былым шалясьціць.