Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/442

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

За напісаньне „Трэнасу“ праваслаўныя прост багомілі Сматрыцкага; як сам апавядае — не далі-бы пылінцы ўпасьці на яго. Кнігу яго перапісывалі і аберагалі ды ў тэстамантах адказывалі патомству, як найдаражэйшы скарб, а некатарыя загадывалі класьці яе ім у магілу.

У адповедзь на „Трэнас“, вядомы езуіцкі польскі пісьменнік, Пятро Скарга, рэктар полацкай езуіцкай акадэміі, напісаў кнігу: „Na treny i lament Teofila Orthologa do Rusi greckiego nabožeństwa przestroga“. (Кракаў 1610). Скарга знаходзіў у кнізе Сматрыцкага ухіл да протэстанцтва, спачуваньне ворагам Рэчыпасполітай, а ласьне Маскве, з якой вялася тады вайна.

Са стараны уніятаў напісаў адповедзь на „Трэнас“ Ілья Марахоўскі, быўшы каралеўскі сэкрэтар, які ўступіў ў ордэн Васільянаў пад імем Якіма. Кніга была надрукавана ў польскай мове пад агалоўкам: „ПАРІГОРІА, albo utulenie uszczypliwégo lamentumniemanej cerkwie Świętej w chodniej zmyślonego Teofila Orthologa“ (Вільня 1617). Між довадамі богаслоўскага характару ў карысьць уніі і нападак, Марахоўскі апавядае адну вельмі цікавую рэч: праваслаўныя наракалі на уніятаў і вытыкалі ім, што уніяцкія сьвятары ў царквох, у часе службы, чыталі Евангельле і пасьля Евангельля навуку мевалі ў „простай“ мове. Праваслаўныя называлі гэта папежскай выдумкай. Аднак, відаць гэта „простая“ мова зьяўлялася прыцягаючай сілай, бо ў праваслаўныя для ужытку ў царквох надрукавалі ў 1616 годзе ў Еўі свае „Евангельле Учительное“. З гэтага відаць, што кніга Марахоўскага была напісана перад 1616 годам.

„Трэнас“ Сматрыцкага разьятрыў і без таго сфанатызаванае падзеямі канца ХVІ ст., грамадзянства. Ён ударыў у тон езуіцкай пропагандзе, якая старалася ўсе інтэрасы грамадзянства і дзяржавы згрупаваць каля царквы. Замест каталіцкай (рымска-езуіцкай) так сказаць дыктатуры, Сматрыцкі высунуў мысль аб сканцэнтраваньні ўсіх інтэрасаў параваслаўнага славянства каля праваслаўнай царквы. У выніку атрымалася істотная рожніца: езуіты, побач з лацінай, пашыралі жывую польскую мову, а праваслаўныя, маючы рожныя жывыя, хоцьбы т. зв. „рускія“ мовы (крыўскую, украінскую, маскальскую) імкнуліся саштукаваць іх у адно, пры помачы царкоўна-баўгарскага клею, або іначай кажучы, жывыя ўсходна-слявянскія мовы заступіць штучнай і брыдкай у сваей штучнасьці тарабаршчынай, якая зарадзілася ў астрожскай школе і с канца першай палавіны ХVІ ст. пачала пранікаць і ў нашу пісьменнасьць. З другой чверці ХVІ ст. духавенства заходнага і ўсходнага абрадку наўперагонкі сьпіхала грамадзянства ў цемру рэлігійнага змаганьня, ставячы інтэрасы рэлігійныя вышэй націянальных і дзяржаўных інтэрасаў.

„СУБОТНИКЪ“, г. зн. памяннік, які сьпісываў у 1610 годзе архімандрыт менскі (уніят) Паісі Сахоўскі. Гэты „Суботнік“ дакончыў толькі сто гадоў спусьця Антон Завадзкі. Ці захаваўся ён нет ведама (ведамка з Hist. lit. Polsk., Wiszniewski, т. VIII).