Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ехалі з ей у сьвет шукаць шчасьця: або ў адкрытае мора грабіць купцоў і падарожных, або нападалі на ўзморныя гарады і забіраліся па рэках глыбока ў чужыя краі, падбіваючы тамтэйшыя плямёны.

Адны з гэткіх конунгаў, выбраўшы з падбітых даніну і прадаўшы набраных нявольнікаў, варочаліся назад да сябе, другія, наадварот, стараліся ў новападбітым краю умацавацца назаўсёды. Да апошняга тыпу належалі скандынаўскія дружыны, якія звалі сябе Русьсю.

У славянскіх крыніцах аб племю Русь гаворыцца мала, затое аб гэтым племі больш падробна знаходзім у арабскіх пісьменнікаў. Усе гэтыя пісьменнікі (Ібн-Ростах, Гардізі, Аль-Бэкры і іх пазьнейшыя комэнтатары) аднагалосна сьведчаць, што гэта было купецка-разбойніцкае племя, якое, акром вайны, разбою і прадажы дабытага гэтым промыслам дабра, нічым іншым не займалася. Ібн-Ростах, арабскі пісьменнік ІХ–Х ст. так аб іх апавядае: „Русь мае цара, які называецца Хакан-Русь. Яны робяць напады на Славянаў: пад’язджаюць да іх на чаўнох, выходзяць на бераг і палоняць народ, які адпраўляюць ў Хозэран і да Баўгараў і прадаюць там. Ароміны Русь ня мае і корміцца толькі тым, што дабывае ў зямлі Славянаў. Калі у каго з Русі родзіцца сын, бацька бярэ голы меч, кладзе яго перад дзіцяцяй і кажа: не пакіну табе ў спадку ніякай маёмасьці, — будзеш мець толькі тое, што дабудзеш сабе гэтым мячом".

Характар заваёўнікаў паказуе, якую сыстэму мела заваяваньне Славянаў Русамі.

Крывічы і Грэкі. Грэцкія купцы вельмі рана зналі шлях па Дняпру і Дзьвіне да берагоў Балтыцкага мора, зкуль яны вывозілі самы дарагі ў тыя часы тавар—бруштын. Грэцкія багатыя выселкі ў Крыме з гарадамі: Херсонэсам, Тэадосіяй, Пантыкапэяй, Фанагорыяй, Танаісам і інш., як паказуюць знаходкі грэцкіх манэт, высылалі сваіх купцоў у крыўскія землі ўжо V—VI ст. па Н. Х.; яны тут мелі, праўдападобна, і свае сталыя тарговыя факторыі. Смаленск, каторы слыў у Грэкаў пад найменьнем Мілітэск, быў у VIII ст. галоўным тарговым цэнтрам для абмену тавараў, якія прыходзілі з Грэціі (па Дняпру), з Баўгарыі, Хазарыі і Пэрсыі (па Волзе і Дону) і са Скандынавіі (па Дзьвіне і Волхаве).

Калі-ж Варагі-Русь заселі на сярэднім Дняпры, ў Кіяве, гэтыя стасункі Крывічоў з Грэкамі перайшлі мала-памалу ў рукі кіяўскіх Варагаў-Русі. А дзеля таго, што падзьвінскія крыўскія землі утрымалі сваю незалежнасьць, то і тарговы шлях „з Вараг у Грэкі", абмінаючы Дзьвіну, пайшоў з Кіева праз Волхаў і Ноўгарад у Фінскую Затоку.

Гэтыя прадаўныя стасункі крыўскіх зямель з высокакультурнай і хрысьціянскай Грэціяй, мелі вялікі культурны ўплыў на усх. славянаў і спрычыніліся да таго, што хрысьціянства было вельмі рана занесена ў Крыўскія землі. Скандынаўскія сагі апавядаюць аб істнаваньні, яшчэ да афіціяльнага прыняцьця хрысьціянства, недзе ў аколіцах Полацка, на гэрэ, цэркві Пр. Богародзіцы (гл. Сапуновъ „Рѣка Зап. Двина“). Гэткім чынам, да Х ст. між Крывічамі, як і між іншымі усходна-славянскімі плямёнамі, хрысьціянства было