Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/154

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

маюць цьвёрда устаноўленай назовы для азначэньня сябе: яны раз выступаюць пад імем „крывічы“, то ізноў пад імем „русы“. Як валадары крыўскіх зямель, яны — крывічы, як патомкі Валадзімера — русы. Творыцца, дзякуючы гэтай неакрэсьленнасьці, бязвыхадны круг супярэчнасьцяў націянальна-дынастычнага характару.

Яшчэ большыя супярэчнасьці выклікае рэлігійны пераварот. Толькі хрысьціянін уважаецца чалавекам, але гэтае хрысьціянства неразьдзельна зьвязана з рускай дынастыяй, „рускай“ верай, „рускай“ граматнасьцю. Націянальная назова ізноў такі пакрываецца чужой назовай з рэлігійнай і культурнай стараны. Ізноў — бязвыходны круг супярэчнасьцяў.

Шукаючы выхаду з гэтых супярэчнасьцяў, адны знаходзілі яго, эмігруючы ў суседнія землі, дзе яшчэ старыя багі не лічыліся „бесамі“ і дзе не магла дасягнуць караючая рука ні хрысьціянскага духавенства, ні варажскай ці паваражанай улады. Другія, улёгшыя новаму парадку, ўдараліся ў містыцызм і аскетызм. З гэтага ізноў такі вынікалі яшчэ новыя супярэчнасьці, новае дзяленьне народнай істоты, раздваеньне націянальнага „я“.

Крыўскія эмігранты, не ўпускаючы галоўнай мэты — абароны ад чужакоў, самі становяцца новай галіной роднага пня, вытвараюць з бегам часу новае ўгрупаваньне, новае „я“, каторае к XIII cт. вырынае ў гісторыі пад найменьнем „Літва“ і творыць яшчэ адно наслаеньне на Крыўскім народзе, уносіць яшчэ адзін безвыходны круг супярэчнасьцяў.

Крывія, Русь, Літва — патройны вузел, трохпаверхі лябірынт, у якім блудзіла і дагэтуль блудзіць нашае націянальнае „я“, наша зборная душа.

У меру таго, як пачынае гаснуць і заміраць прастары вечавы уклад грамадзкага жыцьця, адыходзіць ўдаль, але не замірае, імя „Крывія“, „Крывічы“. У сафэры культурна-рэлігійнага нашага жыцьця ўмацовуецца імя „Русь“, а ў сфэры дзяржаўнага — „Літва“, „Русь-Літва“ і недзе ў мінуўшчыне, а такжа глыбока ў народнай сьвядомасьці жыве і пакутуе, чакаючы дня свайго уваскрэшаньня, напоў містычнае імя „Крывія“, якому празначана ў жыцьці народу замкнуць круг гісторыі, быць ачышчаючым агнём, магічным дарожным знакам, гаючай і жывучай вадой Адраджэньня Народу.

Другая часьць крыўскага народу, падпарадкаваўшыся новай уладзе, новай веры, прыняўшы новае імя, — патонула ў аскетызме і мыстыцызме, якім яго карміла перакладная візантыцкая пісьменнасьць. Шыраная манахамі праз манастыры літэратура давала патрасаючыя прыклады аскетычных спасілаў у пустынях Сірыі, Егіпту і ў сьценах грэцкіх пустэльных манастыроў. Гісторыя аб Варлааме і Іоасафе-царэвічу ўся абапёртая на ідэалізаціі пустэльніцтва і, перапоўненая містыкай, цешылася гэткай популярнасьцю, што нават адбілася на народнай паэзіі. Жыцьцёпісы сьвятых, сабраныя ў Пралогі і Патэрыконы, ў штодзённым чытаньні завучаліся напамяць і незаўважна ўходзілі ў пераконаньні і погляды нашых граматных прапрашчураў, адбіваючыся на псыхіцы, практычным іх жыцьці і паступаньнях. Мнішства і пустэльніцтва лічацца вышэйшай праявай на зямлі запраўднага хрысьціянства. Згэтуль, пачынаючы ад Х cт., множацца манастыры, ў манастырскія сьцены ідуць багатыя