Старонка:Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі.pdf/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

або закаваны ў аковы. Але і выехаць ён ня даў свабодна, а затрымаў іх датуль, пакуль магістр лівонскіх крыжакаў не пакрыў палачанам страт, наробленых у 1403 годзе.

З перагавораў, якія вяліся пры заключаньні умовы 1306 году, з прапановаў, робленых абедзьвімі старонамі, мы можам бачыць, як істотна разыходзіліся іх пажаданьні і погляды. Умова, ўтвораная на аснове пастановы Вітаўта, зьяўляецца толькі часовым кампрамісам, пасьля якога ішоў шэраг угод; аканчальна спорныя пытаньні былі выясьнены толькі граматай князя Александра 1498 г., якой нададзена было Полацку штапельнае права і азначаны варункі таргоўлі рыжанаў і другіх гасьцей у Полацку.

У прывілеі князя Александра, рыжанам і іншым госьцям, забаронена, пад пагрозай канфіскаціі тавараў, езьдзіць у Вітабск ці Смаленск; яны могуць бываць там толькі дзеля спозыску даўгоў, але не дзеля таргоўлі. Гэтыя паездкі вызываліся тым, што купцы з Вітабска і Смаленска, як і перш, езьдзілі ў Рыгу. Па-за межы Рыгі ні яны, ні палачане, ведама, ня езьдзілі. У кождым здарэньні Полацак стаўся аканечным пунктам нямецкага торгу і асяродкам тавараабмену ў Крыўскіх землях.

Але Полацак гэтым не абмежуецца: торг госьця з госьцям наагул павінен быць спынены і ня толькі па-за межамі горада Полацка ці ў другіх мясцовасьцях, куды-бы немцы маглы езьдзіць, але і ў сьценах самога Полацка. І тут тавары павінны былі ісьці праз рукі мясцовых жыхароў, бо іначы мог-бы атрымацца абход пастановы, згодна якой нельга ехаць міма Полацка, абмінаючы яго жыхароў. Госьці прыязджалі-бы сюды, фармальна выпаўняючы гэтае вымаганьне, але на практыцы нарушаючы яго. Яны таргавалі-бы паміж сабой у самым горадзе, так, што ў выніку абыходзілі-бы гарадзкіх купцоў.

Як мы бачылі, і Вітабск і Рыга ўжо рана пачалі забараняць торг госьця з госьцям, што кожды раз выклікала абураньне праціўнай стараны. За іх прыкладам пашоў Полацак. У сваіх прапановах 1405 году Полацак заяўляе: „а торговати немецкому купцю с гостем Литовьское земли добровольно, а с новгородци немецькому купцю торговати, а промежи има ходити нашему полочанину: занеже нас новьгородци не пустят у немечькии двор торговати без своего новгородца; а с Москвичи торговати вашим немьцем; также нашему полочанину межи има ходити, торговати: занеже на нас москвичи тамьгу емлют“. З літвінамі немцы, знача, могуць таргаваць безпасярэдна, з ноўгародцамі-ж і маскалямі, толькі пры пасярэдніцтве палачанаў. Апошнія, паводле тлумачаньня Нікітскага, былі маклерамі, без якіх ніводная купля-прадажа госьця з госьцям не магла быць зробленай: „между има“ — паводле фігуральнага выражэньня помніка — ”хадзіў палачанін“.

Урэшце, з абедзьвех старон выяўлялася жаданьне абмежыць дзейнасьць прыезджых купцоў агульніцкімі закупамі, не дапушчаючы рознічных — звычайнае ў тыя часы абмежаньне гасьцей, — і ў прапанове, выходзячай ад Полацка, гаворыцца: „а малое вам торговли не купити у Полотсце порозничи; а корьчмы вам у нас у Полотсце не держати. І, ў асобнасьці, з прычыны