Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ведаў, што яны не здолеюць дагнаць малпаў і далёка застануцца ззаду. Сачыць за зямлёй таксама не было сэнсу, бо яе праз дрэвы не было відаць. Ён зірнуў угару і ўбачыў далёка ў сінім небе каршуна Чыля, які гойдаўся на сваіх крыллях і выглядаў, ці няма дзе ў Джунглях мярцвечыны. Чыль бачыў, што малпы нешта такое цягнуць і спусціўся ніжэй, каб паглядзець, ці не спажыўнае яно. Ён засвісцеў ад здзіўлення, калі ўбачыў, як Маўглі нясуць на верхавіну дрэва, і пачуў ад яго кліч: "Мы адной крыві, ты і я". Хвалі лісцяў і галля закрылі хлопчыка, але Чыль пераляцеў на суседняе дрэва, каб зірнуць на твар хлопчыка, калі той з'явіцца зноў.

— Заўваж мой след! — крычаў Маўглі. — Перадай Балу і Сіанійскай Зграі і Багіры з Скалы Ра-ад-ы!..

— Ад імя каго, Братка? — Чыль бачыў Маўглі ўпершыню, хоць, вядома, чуў пра яго.

— Ад Маўглі, Жабяняці. Яны завуць мяне Чалавечым Дзіцём! Заўваж мой след!!!

Апошнія словы Маўглі крыкнуў ужо ў паветры. Чыль пачуў, матнуў галавой, узняўся на такую вышыню, што здаваўся не больш за кропку і спыніўся ў паветры. Сваімі зіркімі вачыма ён сачыў адтуль за калыханнем дрэўных верхавін, па якіх імчаўся Маўглі са сваёй дружынай.

— Яны не пойдуць далёка! — сказаў сабе Чыль, усміхнуўшыся. — Бо яны ніколі не выконваюць таго, што задумалі. Бандар-Лог любяць усё новае. Але на гэты раз, калі зрок мой не хібіць, яны мала знойдуць для сябе цікавага, бо Балу не любіць жартаваць, ды і Багіра, паколькі мне вядома, б'е не адных толькі коз...