Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/279

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І адтуль выскачыла Багіра, лёгкая, дужая і страшная, як заўсёды.

— Вось чаму я не з'яўлялася, — сказала яна і паказала скрываўленую лапу. — Гэта было доўгае паляванне, але цяпер ён ляжыць мёртвы ў кустах, двухгадовы бык, які вызваляе цябе, Братка! Усе даўгі выплачаны. А што да ўсяго іншага, дык маё слова аднолькавае са словамі Балы.

І яна пачала лізаць ногі Маўглі, Потым паскакала прэч, крыкнуўшы:

— Памятай, што Багіра любіла цябе!

Спусціўшыся з узгорка, яна прыпынілася і зноў крыкнула:

— Добрага Палявання табе на новым сляду, Уладар Джунгляў! Памятай, што Багіра любіла цябе!

— Ты чуў? — спытаўся Балу. — Больш няма чаго казаць. Цяпер ідзі. Але перш падыдзі да мяне, о мае мудрае Жабянё!

— Так, цяжка скідваць скуру! — уздыхнуў Каа, пакуль Маўглі са слязьмі абнімаў сляпога мядзведзя і прыціснуўся да яго грудзей, а стары Балу імкнуўся лізнуць яму ногі.

Шэры Брат панюхаў перадранішні ветрык і сказаў:

— Зоркі пабялелі. Дзе будзе наша логава сёння? Бо з гэтага часу мы ідзем па новых слядах...

.......................................

Гэта апошняе з апавяданняў пра Маўглі.