Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/205

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Заўсёды кроў, калі наблізішся нават да рэчаў, зробленых чалавекам! — з агідай сказаў Маўглі, ды і цяжкі анк ужо абрыдаў яму. — Каб я ведаў, ніколі не ўзяў бы гэтай штукі. Тады я бачыў кроў Месуі на рэмнях, а цяпер бачу кроў Хаці. Я больш не хачу да яе дакранацца. Глядзі!

Анк, бліскаючы як агонь, паляцеў і ўпіўся ў зямлю між дрэў.

— Цяпер мае рукі ачысціліся ад смерці, — сказаў Маўглі, пераціраючы рукі свежай вільготнай зямлёй. Але яна — старое, белае, бяззубае стварэнне.

— Белае ці шэрае, смерць ці жыццё, а я іду спаць, Братка. Я не магу паляваць усю ноч, а потым скавытаць увесь дзень, як робяць іншыя.

Багіра пайшла ў сваё паляўнічае логава, мілі на дзве ў бок, а Маўглі ўскараскаўся на дрэва, звязаў тры ці чатыры ліяны і праз момант ужо спаў, калыхаючыся ў гамаку на вышыні пятнаццаці метраў. Хоць ён і не адчуваў агіды да дзённага святла, як яго сябры, але разам з імі стараўся як мага менш заставацца на сонцы.

Гоманка ўсялякіх жыхароў на дрэвах разбудзіла яго пад вечар. Яму сніліся прыгожыя каменьчыкі, што ён бачыў у пячоры.

— Зірну прынамсі яшчэ раз на гэтую штуку, — прамармытаў ён і спрытна спусціўся па ліянах на зямлю.

Багіра была ўжо пад дрэвам. Маўглі чуў, як яна сапла ў змроку.

— Дзе востраканечная штука? — крыкнуў Маўглі.

— Яе забраў Чалавек. Во яго след.