Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/203

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— І без таго тут надта многа гаворыцца пра забойства. Хадзі адсюль. А гэтую востраканечную штуку я бяру з сабой, бо я біўся і перамог цябе, Каптур!

— Глядзі, каб гэтая штука не забіла цябе пад канец. Гэта — Смерць. Памятай, гэта Смерць! Гэтая штука можа загубіць усіх жыхароў майго горада. Нядоўга будзеш ты ўладаць ёю, Чалавек Джунгляў, таксама як і той, хто адбярэ яе ад цябе. Людзі будуць забіваць, забіваць, забіваць адзін аднаго праз гэтую штуку! Мая сіла высахла, але анк зробіць маю справу. Гэта — Смерць! Смерць!

Маўглі вылез праз дзіру ў сцяне і, азірнуўшыся, убачыў як Белая Кобра люта кусае сваімі няшкоднымі зубамі дурныя морды залатых ідалаў і сіпіць: "Гэта Смерць!.."

Яны з палягчэннем уздыхнулі, выбраўшыся з падзямелля. У Джунглях Маўглі пачаў разглядаць пры святле бліскучы анк і захапляўся ім, як дзіўнай невядомай краскай.

— Гэта будзе яскравей за вочы Багіры! — задаволена казаў ён, прыглядаючыся да рубіна. — Я пакажу ёй гэтую штуку. Але што меў на ўвазе Каптур, калі казаў пра смерць? У гэтых Халодных Пячорах і ўверсе і ўнізе, усюды чакае бяда.

— Не ведаю. Але шкадую, што ён не паспытаў твайго нажа. Можа папалюем сёння разам? — прапанаваў Каа.

— Не. Трэба паказаць гэтую штуку Багіры. Добрага Палявання!

Маўглі пабег прэч, размахваючы вялізным анкам і час ад часу спыняючыся, каб пацешыцца з яго.