Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/163

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Месуа, а Месуа толькі паглядзела на Маўглі і ўсміхнулася.

— Я кажу, — працягваў Маўглі такім тонам, якім калісьці Балу соты раз паўтараў Закон Джунгляў няўважліваму шчаняці, — я кажу, што ніводзін зуб у Джунглях не нарыхтуецца супроць вас; ніводная нага ў Джунглях не падымецца на вас. Ні чалавек, ні звер не затрымаюць вас, пакуль вы не ўбачыце Канхівары. За вамі будзе нагляд! Маўглі шпарка павярнуўся да Месуа і дадаў:

— Ён не дае мне веры. Але-ж ты верыш?

— О, веру, сын мой! Ці ты чалавек, ці дух або воўк з Джунгляў — я веру!

— Ён перапалохаецца, калі пачуе пяянне маіх братоў, але ты зразумееш. Ідзі-ж і не спяшайся, бо ў гэтым няма ніякай патрэбы. Ваколіца моцна зачынена!

Месуа з плачам павалілася к нагам Маўглі, але ён спрытна падняў яе і зноў затросся ўсім целам. Яна ахапіла яго шыю і называла самымі ласкавымі словамі, якія толькі магла прыдумаць.

А муж яе з зайздрасцю глядзеў на палі і казаў:

— Калі мы дабярэмся да Канхівары, я распачну такі працэс супроць браміна, старога Бульдэа і іншых, што зруйную ўсю вёску ўшчэнт. З гакам заплоцяць яны мне за мае палі і галодных буйвалаў. Я дайду правасуддзя!

Маўглі засмяяўся:

— Не ведаю, што такое правасуддзе. Але прыйдзі сюды ў наступны дажджлівы сезон — і ўбачыш, што застанецца.