Старонка:Кіплінг Маўглі.pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І паток чорных рагоў, пеністых морд і вылупленых вачэй бурна панёсся па цясніне, нібы хвалі ў паводку. Слабейшыя буйвалы былі адціснуты да бакоў і зашчэмлены ў зараснік. Ішла страшэнная атака буйвалаў, атака, супроць якой не ўтрымаецца аніводзін тыгр.

Шэр-Хан пачуў грамовы тупат капытаў, сціснуўся і пабег уніз па яры, пазіраючы направа і налева, каб знайсці выйсце. Але сцены рова былі гладкія, і тыгр, цяжкі ад ежы і вады, усё бег і бег далей, не жадаючы ўступаць у бойку. Па дарозе ён плюхнуўся ў лужыцу і зароў так, што ўся цясніна затрэслася. У адказ пачулася муканне з другога канца яра — і Шэр-Хан завярнуўся назад, бо палічыў за лепшае сустрэцца з быкамі, чымсь з каровамі, каля якіх знаходзяцца цяляты.

Потым Маўглі адчуў, як Рама спатыкнуўся, трапіў у нешта мяккае, а затым разам з усімі быкамі ўрэзаўся ў сустрэчны статак. Адбылася страшэнная сутычка, некаторых павыціскала ўверх, шмат каго пакалолі рагамі, патапталі — і ў такім стане статак выбег на раўніну.

— Хутчэй, Акела, паразганяй іх, а то яны пазабіваюць адзін аднаго! Адгані іх прэч, Акела! Гай, Рама, Гай, гай, дзеці мае! Лягчэй, лягчэй!

Акела і Шэры Брат кідаліся ва ўсе бакі, хапалі