Старонка:Курганная кветка (1914).pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Шэрая гадзіна.

Зьмеркаецца. Люблю я вельмі гэты час…
Ўжо сонцэ скрылася за лесам, за гарою,
Зямлю апошні луч цалуе ешчэ раз,
Ноч заручаючы цалункам тым з зямлёю.

Спавіўся мглою сумнаю увесь абшар;
Бярозка шэпчацца с чырвонаю калінай,
Па небі сунуцца грамады сонных хмар,
Туманы сьцелюцца над мокраю далінай.

На неба месяц залаты за хмары ўзлез
І з вышыні сваей зямлю ўсю агледае,
Таёмна шэпаціць аб чымсь пажоўкшый лес
І жудасьць нейкую на душу наганяе.

А мары так тады лятуць-лятуць з душы,
А з імі і яна у сьвет незнаны рвецца,
І страшысся чагось ў паўцёмнае цішы,
То зноў за чымсь тужыш… Ляцела-б гдзесь, здаецца…

То раптам хочацца — да болю — памярці,
Што хоць ты зараз тут вазьмі ды конч с сабою
Дый з будучыні гдзесь надзея заблішчыць
І запануе ўраз над сьмелаю душою.

І с смуткам неякім ізноў глядзіш у даль,
Штось там ў глыбі душы зварушыцца, здаецца,
Ды зноў замрэ… Ў грудзях ўставае нейкі жаль,
А сэрцэ беднае так хутка-хутка б’ецца.