Перайсці да зместу

Старонка:Крок за крокам (1925).pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

паціхеньку хваёвыя галінкі, як-бы віталі першы сьняжок. А можа яны шапталі што Андрэю, як шэпча маці, схіліўшыся над дзіцем, расказвалі сваёй мовай аб тым, што Андрэй сапраўды не такі вінаваты, як гэта крычыць яму кожную хвіліну яго чуткае сумленьне. Эх, лес! колькі чаго давялося бачыць яму на сваім вяку. Многа ён ведае ўсяго! І каб Андрэй расчытаў яго гутарку, то саўсім бы інакш пазіраў на сьвет.

І ўспомнілася Андрэю старая казка, каторую даўно-даўно, у шчасьлівыя годы яго дзяцінства, расказвала нябожчыца баба.

„Скінула неба на зямлю дзіўны клубок. Усіх карміў гэты клубок, і карміліся ім людзі, карміліся зьверы і птушкі і розныя маленькія жывёлінкі, бо для ўсіх прадназначыла яго сьвятое неба. І ўсе жывіліся, і для ўсіх яго ставала. Пазайздросьціў гэтаму злыдзень, і няма ведама дзе дзеўся дар неба. І цяжка стала жыць на сьвеце. Зямля пачала бяднець і спустошвацца. Дзе былі даўней шырокія рэкі, там засталіся цяпер чуць значныя палоскі вады; дзе і саўсім яна высахла — парабіліся пустэчы. Лясы сталі звадзіцца, разьвёўся бруд, каторы накінуўся на чалавека і стаў піць яго кроў. Зямля пачала кепска радзіць: пашлі па сьвеце паморкі, паўстала сварка, калатня, бойка. Людзі сталі трывожныя, неспакойныя, усё чагось спадзяюцца, чагось шукаюць, да чагось прыслухваюцца. Само неба пахмурнела і адвярнула ад зямлі свой воблік“.

Лес кончыўся. Во бераг Нёмну. Вярсты дзьве адгэтуль угару пакідаў Андрэй дубкі. Ён ішоў берагам, прыглядаўся, як-бы чагось шукаў. Вакол было пуста. А сьнег усё сыпаў і сыпаў.