Перайсці да зместу

Старонка:Крок за крокам (1925).pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

там саломы і наверх нагарнуў гною. Скончыўшы работу, Андрэй акінуў вокам гэты куток, і на твары яго зьявілася ўсьмешка здаваленьня.

— Згніюць тут, калі я сам не дастану іх, — сказаў сам сабе Андрэй і спакойна вышаў на вуліцу.

Тут ён пастаяў, высмактаў люлькі са дзьве, павітаўся з суседзямі і суседкамі, каторыя ішлі па ваду, і, як чалавек, катораму няма чаго баяцца, пашоў уладжвацца каля гаспадаркі. Ходзячы па дварэ, ён нават мармытаў сабе пад нос нейкую песьню: „Шапка мая магерачка“.

Прашло дні два. За гэты час ня выявілася нічога такога, што-б магло патрывожыць Андрэя, і ён ужо рыхтаваўся дастаць з-пад гною дубкі, каб пусьціць іх у дзела. Якраз прышоў да яго сваяк Якім Бубен.

— Чуў ты, — гаворыць Якім: — Зарубу гоняць вон з стражнікоўства.

Андрэй пабляднеў. У сярэдзіне ў яго нешта заныла, як-бы адарвалася, і ён пачуў, як сэрца яго затахкала дробна-дробна.

— За вошта? — спытаў ён.

— А хто яго ведае. Кажуць, аб‘езчыка пабіў, — парубка там нейкая знашлася ў лесе, ну й завяліся. А можа так абгаварыў яго аб‘езчык, хто іх там разьбярэ… От, прасіся за стражніка, — закончыў Яхім.

— А! — махнуў рукой Андрэй, — служачы хлеб — сабачы.

— Ну, не скажы гэтага. Можна, брат, жыць лепш, як на гаспадарцы: паша — дарэмная, дровы — дарэмныя, поле, сенакос, сякі-такі абрывак — жыць можна.

— Э, брат Яхім, дзе ён ёсьць лёгкі хлеб? Добра служыць з добрымі людзьмі. А калі пачнуць кусаць адзін другога, то доўга не паслужыш. За які-небудзь паршывы дубок, зжалься божа…

Тут Андрэй замнуўся.

— Не, лепш, брат, ня знаць такога хлеба.

Яхім бачыў, што Андрэй ня хоча, ня мае ахвоты быць лясьніком. Ну, яго воля.

Усё сяло гаманіла пра Максіма, разьбірала яго справу на ўсе лады. Адны трымалі руку Максіма, шкадавалі яго; другія — наадварот, былі рады, бо зайздросьцілі яму. А наогул нікога