Перайсці да зместу

Старонка:Крок за крокам (1925).pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Так, ня сьпіцца.

І, памаўчашы, Андрэй сказаў:

— Ведаеш, я ўсё думаю, каб не агледзеліся гэтага дубка.

— Можна-ж схаваць так, каб не знашлі.

— Вось і я гэта думаю: у гумне якая схованка? А дзе схаваць?

— Схаваеш заўтра — будзе часу. А цяпер сьпі.

Жонка адвярнулася да сьцяны і праз мінуты дзьве заіграла носам. А Андрэй яшчэ доўга ляжаў з адкрытымі вачыма і разважаў. Страшныя думкі лезьлі ў яго галаву. А што, калі хто ўдасьць яго? Прыдзе вураднік, стражнікі з аб‘езчыкам і лясьнікамі, зробяць вобыск і напэўна знойдуць у яго дубок. Зноў Андрэю ўспаміналіся падобныя здарэньні. Моташна раб лася ад гэтых думак. Андрэй усунуўся ў шляпакі, накінуў на плечы кажух і вышаў на двор.

Якая цёмная ноч! Здавалася, неба блізка-блізка нахілілася к зямлі і ціснула яе сваім густым і цяжкім мрокам. І ўсё вакол было так глуха, так нема, усё роўна як закамянела або вымерла. Андрэй зірнуў у той бок, дзе быў лес. Яго аж скаланула: здаецца, цяпер каб і золатам абсыпалі яго, ён не пашоў-бы туды; як толькі хапіла ў яго адвагі ісьці туды, у такую цемрадзь! У сяле было таксама ціха і глуха, нават сабакі і тыя ўсе змоўклі; відаць, і яны чулі гэты страх магільнай цішы і не адважваліся зрабіць між сабой пераклічку. Толькі ў Яхіма хлявушку забляяла жаласна ягнятка, згубіўшы сваю матку, і зараз-жа пачуўся кароткі адказны водклік старой авечкі: „Ідзі да мяне!“ ды часамі ў сьвінушніку ціха стагнала праз сон сьвіньня такім змарнелым, стамлёным галаском, усё роўна як-бы ёй заставалася тры чвэрці да сьмерці.

Андрэй пастаяў, паслухаў. Гэта маўчалівая і страшная ноч не дала яму ніякага адказу, і ён пашоў у хату.

„Сягоньня яшчэ можна быць сьмелым“, думаў Андрэй, кладучыся на палок і ўкручваючыся ў дзяругу. „Пакуль тое ды сёе, то яшчэ ёсьць часу схаваць, а цяпер можна спаць сьмела“. Але Андрэй ляжаў яшчэ з паўгадзіны і думаў, як хітрэй схаваць дубкі. На гэтых думках Андрэй і заснуў. І прысьніўся яму сон. Здаецца, прышоў лясьнік, Максім Заруба, у чыім абходзе ён высек дубок. Прышоў ня злосны, як можна-б чакаць, а надта маркотны. Твар яго быў белы, як вымазаны мукой.