Перайсці да зместу

Старонка:Крок за крокам (1925).pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

меціць, што тут украдзен дуб. Усё было прыбрана гладка, але Максіму здавалася, што варта толькі зірнуць аб‘езчыку, каб прымеціць, што не хватае аднаго дуба. А можа аб‘езчык paней яго агледзеў гэты недагляд, і ўжо вядома ў лясьніцтве аб гэтай пакражы.

— І выбяра-ж часіну, паганец! — зноў разважаў з сабой Максім. — Ну, каб папаў! Гужы, лейцы — усё пасек-бы.

Максім ніяк ня мог супакоіцца. Ён вышаў на дарогу, куды вёў сьлед ак калёс. Але далей трудна было разабраць, куды ён пашоў: ці мала едуць па дарозе ва ўсе канцы? Максім пастаяў, патупаў, як-бы разьбіраючы важную справу. На душы яго было цэлае пекла. Злосьць на таго, хто сьсек дуб, хто, як сумыслу, як на зьдзек яму, зрабіў гэту кражу, ніколечкі неклапоцячыся схаваць канцы; далей — страх перад лясьнічым, страх за страту куска хлеба: даўно ўжо капаецца пад яго аб‘езчык, ня раз пагражаў Максіму і лясьнічы прагнаць яго з месца.

Усе гэтыя думкі й пачуваньні і рабілі тое пекла, што было на душы Максіма.

— І хто-ж бы мог зрабіць гэта?

Максім пералічыў колькі гаспадароў з вёскі, што былі ў яго ў вялікім падазрэньні. Але, незлавіўшы, не кажы, што злодзей. Максім яшчэ раз прышоў на тое месца, дзе рос яшчэ ўчора прапаўшы дубок. Як дарагі нябожчык, стаяў ён у вачох беднага лясьніка. Прыкрыўшы камель яловымі лапкамі, Максім памалу пасунуў лесам.

Увесь гэты дзень, цэлы вечар і ноч ня меў Максім супакою. Нават есьці не хацелася яму. Нейкі страх і трывога душылі яго. Кінуцца за весьніцы на дарогу сабакі, забрэшуць на каго, ці так што здасца іх сабачаму розуму, — Максім чуў, як у сярэдзіне ў яго нешта траслося, і яму здавалася, што гэта пэўна ідзе Марцін з каморы ад лясьнічага з наказам зьявіцца ў кватэру. Але сабакі, пабрахаўшы, змаўкалі, і патрывожаная ноч яшчэ цяжэй насядала на халодную, сырую зямлю, і яшчэ маркотней шумеў над рэчкай аголены лес.

Старая вярба, стоячы над самай хатай, шумела і хістала галінамі па страсе і, як назло Максіму, гаманіла пра пакражу.

Стукне вецер у вакеніцу, Максім уздрыгваў: яму думалася, што гэта лясьнік ці аб‘езчык.