Перайсці да зместу

Старонка:Крок за крокам (1925).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

НАТАЛЬКА, ДЖОН і МУХА

(Малюнак з натуры)

Бываюць-жа такія нядобрыя здарэньні на сьвеце! і горш за ўсё тое, што гэта здарэньне якраз налучыла маленькую Натальку.

Натальцы пашоў толькі восьмы гадок. Але Наталька такая маленькая, такая шчупленькая, што яна выглядала нават меншай, як на свае леты. Можа гэта залежала ад таго, што жыла Наталька ў горадзе, дзе так мала прастору і сонца, дзе высокія дамы засланяюць шырокія разлогі яснага неба, дзе так мала сьвежага і чыстага паветра палёў, зялёнага луга і леса. І яшчэ, небажата, трэба ўзяць на увагу і тое, што Наталька мусіла, праўда, па меры сваіх сіл, спаўняць такую-сякую работу: няньчыць яшчэ меншую сястрычку Алесю і наглядаць за крыху большым ад Алесі братам. А Ўладзік, гэты брат, быў хлопчык жвавы, непаседлівы, скоры да бойкі з сваймі сябрукамі…

Што казаць: самі ведаеце, якія задзіры гэтыя хлопцы.

Але апроч усяго гэтага, Наталька спаўняла і шмат важнейшыя справы. Ня раз і ня два пасылала яе маці з кацялочкам да сталоўкі. Возьме, бывала, Наталька ў адну руку кацялок, а ў другую квіточак, зашчэміць яго моцна і такою гэта важнаю асобаю йдзе па вуліцы да сталоўкі!

Вось і сёньня паслала мама Натальку прынясьці абед, бо самой маме ня было часу. Наталька жыва абулася ў свае старыя чаравічкі, прыбралася крыху, узяла медны кацялочак і выбегла на вуліцу.

Дзень быў ціхі, ясны, цёплы, нават гарачы. Побач вуліцы, як веснавыя перавалы, ішлі людзі рознага званьня. Усе яны кудысь сьпяшаліся, абганялі адны другіх, сустракаліся, разьміналіся, моцна занятыя сваймі справамі. І Наталька зьлілася з