Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Слуга хутка пад‘ехаў, саскочыў са свайго мула і ўдарам нажа закалоў антылопу; затым, узваліўшы тушу на спіну мула, зноў ускочыў у сядло і паехаў за конніцай. А сен‘ёрыта паспела ўжо скруціць ласо і, спусціўшы на твар шарф, прадаўжала шалях як ні ў чым не бывала.

Луізу ахапіла хваляванне.

«Няўжо, няўжо гэта яна? Маіх год, сказаў ён, ростам крыху ніжэйшая за мяне. Жыве на Рыо-Грандэ, час ад часу гасціць на Леоне. Хто-ж гэта? І чаму я не запыталася ў яго, як яе завуць? Няўжо гэта яна?»


Раздзел XXV

НЕ АДДАНЫ ПАДАРУНАК

У горкім задуменні прадаўжала стаяць Луіза, назіраючы за коннікамі, што аддаляліся. Але не паспелі яны схавацца ў гаі, як адтуль паказаўся яшчэ адзін коннік, які відаць накіроўваўся да гасіенды.

Твар Луізы раптам прасвятлеў ад радасці: гэта быў стары паляўнічы Зеб Стумп.

— Якое шчасце, мне ён так патрэбен! — усклікнула яна з палёгкай. — Магчыма, што цераз яго я атрымаю вестку. Зеб, напэўна, ведае, хто яна. Але пасля таго, што адбылося, я павінна быць асцярожнай нават з ім. О, калі-б я была ўпэўнена, што падабаюся Морысу, мне было-б усё абыякава! Як жудасна яго раўнадушша! І ў адносінах да мяне, Луізы Пойндэкстэр! Але далей так прадаўжацца не можа: я павінна буду вызваліцца ад гэтага ярма хоць-бы цаною разбітага шчасця.

У гэты час Зеб Стумп пад‘ехаў ужо да самай гасіенды і спыніў каня.

— Дарагі містэр Стумп! — радасна вітала Луіза паляўнічага. — Як я рада вас бачыць! Злазьце з каня і ідзіце сюды да мяне. Я ведаю, што вы добра ўмееце лазіць і вам лёгка будзе ўзбегчы па гэтай лесніцы. Адсюль вы ўбачыце такі цудоўны від, што не пашкадуеце сваёй працы.

— Убачыць вас, міс Луіза, будзе для мяне лепшым узнагароджаннем. Адну хвіліначку, я толькі пастаўлю сваю старую кабылу ў стайню і тады падымуся наверх.

Негр Плутон, які з‘явіўся ў гэтую хвіліну, узяў у паляўнічага каня, і Зеб Стумп, пераскокваючы цераз дзве-тры ступенькі, хутка падняўся на азотэю.

Маладая гаспадыня яшчэ раз радасна вітала старога і павяла ў адасоблены куток азотэі.

Стары паляўнічы адразу адчуў некалькі прыўзняты стан дзяўчыны і зразумеў, што запрошаны сюды не для таго толькі, каб палюбавацца прыгожым відам.

— Скажыце мне, містэр Стумп, — сказала Луіза, дакрануў-