Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПРАЛОГ

Цехаскі алень драмаў у начной цішы саванны.

Чуваць гук конскіх капытоў! Алень не ўсхопліваецца і не пакідае свайго прыстанішча. Дзікія стэпавыя коні таксама-ж пасвяцца тут начамі. Ён толькі падымае сваю прыгожую галаву, высоўваючы рогі над высокай травой, і слухае.

Зноў чуваць тупат капытоў. На гэты раз можна адрозніць звон метала — удар сталі аб камень.

Гэты гук непакоіць аленя. Ён хутка ўсхопліваецца са сваёй зялёнай пасцелі і імчыцца па прэрыі. Пасля спыняецца, азіраецца назад — хто-ж гэта трывожыць яго начны адпачынак?

У яркім святле месяца ён пазнае злейшага свайго ворага — чалавека. Той набліжаецца конна.

І алень гатоў ужо зноў ўцякаць, але раптам штосьці дзіўнае ў абліччы конніка прыкоўвае яго да месца.

Прыпадаючы да зямлі, адкінуўшы галаву далёка назад, ён прадаўжае глядзець, і ў яго вялікіх карых вачах адлюстроўваюцца страх і неўразуменне.

Што-ж прымусіла аленя так доўга ўглядацца?

Конь? Але гэта звычайны конь, закілзаны, асядланы. У яго абліччы няма нічога страшнага. Магчыма, аленя спалохаў коннік? У ім ёсць штосьці дзіўнае і жудаснае.

О, жудасць! Ён без галавы!

І вось, зірнуўшы яшчэ раз блукаючымі вачыма, нібы намагаючыся зразумець, што гэта за нябачанае страшыдла здзекуецца з яго, спалоханы алень зноў кідаецца ўцякаць. Ён ужо больш не аглядаецца. Ён кідаецца ў хвалі Леоны і, толькі пераправіўшыся на другі бераг, адчувае сябе ў безапаснасці.

Не звяртаючы ўвагі на сполах аленя, як быццам нават не заўважыўшы яго прысутнасці, коннік без галавы прадаўжае свой шлях.

Ён таксама накіроўваецца да ракі. Але, як відаць, зусім не спяшаецца, а прасоўваецца павольным, спакойным, амаль цыраманіяльным крокам.

Здаецца, што ён ўвесь ва ўладзе нейкіх таямнічых думак і зусім не заўважае акружаючага жыцця. Ніводным гукам голасу, ні нават шэптам не выдае ён сваёй таямніцы.