Старонка:Коннік без галавы (1941).pdf/105

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я быў-бы больш упэўнены, калі-б за яго чэрап заплацілі тысячу долараў замест пяцісот.

— Ён каштуе гэтага.

— Якой сумы?

— Тысячы долараў.

— Вы абяцаеце?

— Так, я абяцаю.

— Тады каманчы здымуць з яго скальп, сен‘ёр капітан. Вы можаце вяртацца ў Каса-дэль-Карво і спакойна спаць. Будзьце ўпэўнены, што, як толькі здарыцца выпадак, ваш вораг астанецца без валасоў. Вы разумееце мяне?

— Так, вядома.

— А цяпер рыхтуйце тысячу манет.

— Яны чакаюць вас.

— Карамба! Я іх хутка зараблю. Бывайце, бывайце!

— Святая дзева! — усклікнуў мексіканец, як толькі яго наведвальнік знік. — Вось пашанцавала! Атрымаць тысячу долараў за тое, каб укакошыць чалавека, якога я ўсёроўна хацеў забіць! Каманчы на ваеннай сцежцы! Калі так, то я павінен падрыхтаваць свой касцюм для гэтага маскарада. Ён ужо даўно валяецца ў мяне без патрэбы — усе гэтыя доўгія годы перамір‘я з індзейцамі.


Раздзел XXX

ПАВЕТРАНАЯ ПОШТА

Луіза Пойндэкстэр, захапляючыся рознымі відамі спорту, займалася таксама і стральбой з лука. Яна надзвычайна ўладала гэтай зброяй. Абыходзіцца з лукам яна навучылася ў індзейцаў племя Гума яшчэ на Місісіпі.

З таго часу як яна пераехала ў Техас, у яе не было яшчэ выпадку вярнуцца да гэтага занятку. Яе прыгожы лук з апельсінавага дрэва і стрэлы з пер‘ямі ў хвасце ляжалі без справы ў шафе.

Але прышоў момант, калі яны спатрэбіліся. Гэта было неўзабаве пасля сцэны, што разыгралася ў часе снедання, калі бацька забараніў ёй выязджаць адной конна.

Яна, не супярэчачы, падначалілася гэтаму загаду, больш за тое — яна не толькі не выязджала адна, але наогул адмовілася ад прагулак конна, хоць-бы і ў суправаджэнні сваіх братоў.

Крапчаты мустанг зусім застаяўся ў стайні.

Але Луіза не забылася аб сваёй любіміцы, і, не гледзячы на тое, што не ездзіла на ёй, часта наведвала Луну і сачыла за тым, каб яе добра кармілі.

Адмовіўшыся ад коннай язды, Луіза занялася стральбой з лука. Гэтаму спорту яна прысвячала цяпер амаль увесь свой час. Яе ўлюбёным месцам для гэтага быў бераг Леоны, там, дзе раслі старыя арэшнікі, тутавыя дрэвы і кедры.