Старонка:Кляновыя завеі (1927).pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана



Пайці туды,
Дзе з каласамі
Твая шапталася каса,
Дзе з цёмна-сінімі начамі
Ты ціха гутарку вяла.

Хачу шукаць туды пуціну,
Дзе ў сіняй пражы туманоў
Ты серп сярэбраны згубіла,
І многа казачных гадоў.

І там дзе стынь ў палёх нямее,
Дзе стрэхі выбяліў мароз,
І быццам сеюць, —
Зоры сеюць
На гонях шоўкавых нябёс;

Дзе месяц з зорнае званьніцы
Вартуе золата кляноў,
Хачу сьпяваць,
Хачу маліцца
Над чаркай выпітых гадоў.

Хачу асьнежаным страпілам
Сказаць ў нямеючай цішы,
Што ты згубіла,
Ты згубіла
Асноведзь ціхую душы.

Што гэту сінь
І клён за брамай
Ты любіш так,
Як любім мы
Даўно рассыпаныя мары,
Даўно разьвеяныя сны.

5