Гэта старонка не была вычытаная
З дзіравай кішэні,
З апошняе жмені
Ў папоўскую торбу
Рублі і двузлоткі
Плывуць, як крыніца,
Ад Тэклі і Грыца,
Ад бабкі і дзеда,
Ад дзядзькі і цёткі.
Сыны без сарочкі.
І зрэбная ў дочкі —
Хоць пралі і ткалі
І зіму, і лета…
Украдкай ад мужа
Змаглёваны кужаль
На Сёмуху ў цэркву
Занесла кабета…
Як зваляцца порткі,
Ці вылязуць форткі —
„А дзе ж гэта кужаль?“
Спытае Мікіта.
Заверціцца баба —
Аж зробіцца слаба:
„Дык я-ж падаслала
Папу пад капыта!“
А поп не завала:
Бяры, што папала!
З-пад ног і у хату, —
Прыдасца, нябога!