Гэта старонка не была вычытаная
Божы сын ад боскай маткі
І Язэпа з Назарэту,
Дзе спраўляў свае парадкі
Ірад — злодзей ўсяго сьвету…
Далей-болей нам чыталі,
Як Хрыстос хадзіў па моры,
І за што яго расьпялі
Бяз усякага разбору!
Хоць і думалася крышку,
Ўсе мы верылі спачатку,
Покуль самі, ўзяўшы кніжку,
Ня зьмікіцілі загадку.
Каб другому не здавала,
Што дзяркач зрабіўся хлусам,
Расказаў-бы вам ад мала,
Што было і як з Ісусам.
Але гэта наастатак —
Будзе час на той нядзелі,
А сягоньня недахватак,
Ды і думкі аслабелі.
Падругое — немагчыма,
Бо апосталы ў тры цалі —
Глянь уласнымі вачыма —
Аж да нельгасьці налгалі.
Вось адзін — зматай ля вуса —
Піша, мусіць, не для зьдзеку,
Што бацькі дзядзькі Ісуса
Жылі плотніцтвам спрадвеку.