Старонка:Каспяровіч Каганец.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пайшоў у турму з лёгкаю душою, ня так, як тады ў 5-м року“ (2.8.1910).

Усё-ж гэта гадавое сядзеньне ў Менскім астрозе было вельмі цяжкім і пакінула на Каганцу значны адмоўны сьлед. Асабліва цяжка было Казіміру Карлавічу пераносіць час, калі яго ніхто не наведваў у турме; хоць пабачаньні з малым сынам і інш. ён перажываў і асабліва цяжка; але пасьля ён адчуваў сябе больш лёгка. Наогул гэты чалавек волі надзвычайна даражыў, асабліва ў турме, усім тым, што было адтуль і нават лістамі. Ня раз ён скардзіўся, што лісты з турмы ідуць да жандараў, а пасьля ўжо адсылаюцца, і на ўсё гэта патрэбны вялікі час, але нелегальных дарог сувязі з воляй шукаць яму не хацелася, „бо ўсё-такі хто-небудзь да можа пацярпець" (17.12.1910), а сьвядома прычыніцца да чые-небудзь шкоды Каганец ні ў якім разе ня мог.

Жыцьцё ў вастрозе было нудным і аднастайным да жудасьці. Казімір Карлавіч лічыў, што ім нават зацікавіцца немагчыма. „Калі табе цікава, то апішу ўвесь свой дзень, як я яго праводжу,—пісаў ён жонцы.—Прачынаючыся рана ў 6, 6½ гадзін і паляжаўшы крыху пакуль празвоняць у касьцёле новым, у каторым ужо служаць, устаю, крышу застаўшыеся ад учора скарынкі галубом, каторыя чуць сьвет прылятаюць на вакно. Міхась перш за мяне ўстае і вяжа сець, а калі яму няма работы, то ён хлеб крышыць. Потым, як адчыняць камеру, іду апраўляцца, мыюся і сьнедаю; потым паверка; па паверцы што-небудзь раблю: чы малю(ю), чы рысую, чы чытаю што, або піру(шу), а бывае, што і так прашатаюся да прагулкі; потым прагулка парамі ўвокал двара, па прагулцы абед, па абедзі паваляюся. Калі дзень сьветлы, то паваляўшыся, зноў што паработаю, а як цьмяны, то так до вечара праваляюся, прашатаюся па камеры. Вечарам ізноў паверка; па паверцьі вечарам і Міхась ідзе спаць, а ў скорасьці за ім і я, а другія чытаюць і ў шахі іграюць да позьняй пары. Я цяпер на сьнеданьне і на вячэру зьядаю па паўкварты малака“... (17.12.1910). А праз месяц стала яшчэ цяжэй: „26 сяго месяца разьмяняю другое паўгода майго заключэньня ў крэпасьці. Цяпер у нас пагоршала сядзець, бо народу прыбавілася, а на дварэ холадна, то вокны пазамыканы, а праз тое воздуху мала, так што часта галава баліць“... (22.1.1911).

Ня гледзячы на ўсё гэта Казімір Карлавіч ня траціў надзеі на лепшае і пісаў жонцы: „Ты скажаш,—ня трэба сябе надзеею маніць, а я скажу,—без надзеі і жыцьцё ня жыцьцё" (20.11.1910). „Я-ж бо маю надзею, што вярнуся да вас здаровы і што зажывемо лепей, як дагэтуль жылі“ (?.8.1910).