Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/97

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

культура, усё ж такі ў гэты час мы бачым разьвітак, і дужа шырокі, беларускай культуры. Ваяўніцкі гвалт і ўціск ня можа прыпыніць моцнага культурнага руху. Культура пэрыоду Літоўска-Беларускай дзяржавы носіць выразна беларускі кірунак і робіцца ў беларускай мове. Наша мова ў гэты час ёсьць ня толькі мова ўраду, але і мова вышэйшых і ніжэйшых станаў грамадзянства. Хоць шлях для польскай культуры і мовы шырока адчынен вуніяю 1386 году, тым ня менш польскі ўплыў ня можа пакуль што змагацца з самабытнаю ўзрос-шаю беларускаю культураю. Архівы захоўваюць да нашага часу вялікую моц памятак беларускай культуры гэтага пэрыоду.

З гэтых памятак асабліва цікавы для нас юрыдычныя дакуманты, каторыя сьведчаць аб высокасьці культуры беларускіх кіруючых станаў. Мы тут назавем некаторыя з такіх дакумантаў.

Пры Казімеры I Ягайлавічы ў 1457 годзе была выдадзена грамата, вядомая пад назваю «Земскія прывілеі Казімера». Гэты акт датычыць жыцьця ўсіх зямель гаспадарства, ён напамінае нам па сваім зьмесьце ангельскі акт XIII сталецьця, вялікую карту вольнасьцяй. Тут забясьпечваюцца правы як асобы, так і маемасьці князёў, баяр, служылай шляхты і нават мяшчан. На падставе прывілей ніхто з іх ня можа быць пакараны толькі па тайным ці яўным даносе або па падазрэньні; раней справу павінен разгледзець суд. Кожны нясе адказнасьць толькі за свае віны; жонка, напрыклад, не караецца за праступства свайго чалавека, бацька — за праступства сына і г. д. Кожны мае права вольнага выйсьця за граніцу гаспадарства. Для служылай шляхты былі забясьпечаны правы ўладаньня і распараджэньня іх вотчыннымі маёнткамі. Сяляне, судзячы па прывілеях, ужо ня ёсьць вольны стан дзяржавы, як гэта было раней; правы над імі пана пашыраны. У зьвязку з гэтым яны высвабаджаюцца ад беспасрэдных фінансава-матэрыяльных дзяржаўных абавязкаў, апроч рамонту дарог і мастоў; паміж імі і дзяржавай становіцца пан, якога толькі і ведае дзяржава як юрыдычную асобу. Абавязкі паложаны і на гаспадара дзяржавы; вялікі князь, напрыклад, ня мае права памяншаць меж Літоўска-Беларускага гаспадарства. Наадварот, ён павінен усімі сіламі прагнуцца пашыраць межы яго (гл. артыкул 14). Апроч таго, цікавы яшчэ 15 артыкул прывілеяў. На грунце гэтага артыкулу забараняецца людзям чужых