Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПРАДМОВА ДА 3-га ВЫДАНЬНЯ

Нам усім добра вядомы той політыка-соцыяльны ўклад жыцьця, які быў пад цяжкаю рукою самаўладзтва ў Расіі наогул і ў нас на Беларусі. Змагаючыся з усім тым, што было карысна для пролетарска-сялянскіх мас Расіі, самаўладзтва, разам з тым, змагалася з усім тым, што насіла на сабе адзнакі мясцовага ці нацыянальнага характару. Усё вялікае, агульнае ставілася замест дробнага, мясцовага і нацыянальнага. Панавала ідэя імпэрыялізму. З офіцыяльнага боку існавала політычна і культурна толькі адзіная і непадзельная Расія, якая ведала і падтрымлівала адзіную і непадзельную гісторыю, агульна-рускую гісторыю царска-панскага кірунку. Такая гісторыя чыталася і выкладалася ўва ўсіх школах вялікай імпэрыі, да якое-б грамадзкае клясы і нацыянальнасьці яны не належалі, у якой-бы мове яны не гаварылі. На гэтай царскай, агульна-рускай гісторыі адукаваліся і мы, што вышлі з працоўных мас Беларусі.

У часы імпэрыі не зварачалася ўвагі на тое, што з соцыяльнага і культурнага боку не магло быць і ніколі ня было цэльнай і адзінай Расіі. Не зварачалася ўвагі на тое, што адзін супроць другога стаяць дзьве клясы рускага так званага «народу», інтарэсы каторых ня толькі не супадаюць, але йдуць адзін на другога; дзьве клясы, каторыя разьдзелены глыбокаю прорваю, праз якую масты ня будуюцца. Было зьняважана і тое, што гэтая політычна-адзіная Расія лічыць у сваім складзе далёка больш за 100 народаў, што прырода Расіі сьпявае свае рознастайныя сьпевы і формуе асобныя этнографічныя адзінкі народаў, што падданыя адзінай імпэрыі гавораць у розных мовах і маюць кожны свой асобны быт, кожны сваё мінулае, на каторым будуецца яго будучына.

І што ж зрабілася? Зрабілася тое, што і заўжды робіцца ў такім разе. Мы ніколі ня ведалі і цяпер ня ведаем сапраўднай агульна-рускай гісторыі, бо толькі тады магчыма знаць агульнае, калі мы ведаем дробнае, з якога складаецца агульнае. У гісторыі, таксама як і ў другіх навуках, павінна йсьці не ад агульнага да асобнага, а наадварот.

У часы самаўладзтва шырокім колам грамадзянства здавалася, што моцна стаіць на нагах жалезны кумір царска-панскай імпэрыі, што моцна ён трымае і доўга яшчэ будзе трымаць у магутных руках політыка-соцыяль-