Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/174

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

служыць усяму беларускаму пакрыўджанаму народу, пастараемся быць люстрам жыцьця, каб ад нас, як ад люстра, сьвет падаў у цёмнасьць. Мы будзем старацца, каб усе баларусы, што ня ведаюць, хто яны ёсьць, зразумелі, што яны беларусы і людзі, каб пазналі свае правы і памаглі нам у нашай рабоце». Далей у артыкуле вызначаецца і тактыка гэтай «нашай работы». Газэта абвяшчае, што яна будзе пісаць ня громка, а ціха і спакойна. Toe самае зрабілася і з Бундам. Ён паступова адрываўся ад РС-ДРП і таксама сьпешна пачаў зыходзіць з клясавага на нацыянальны грунт. Ён, напрыклад, прыняў жывы ўдзел у разьвязаньні такога пытаньня, як суботні дзень адпачынку ў гэбрэйскіх прадпрыемствах, якое было разьдзьмухана дробнай гэбрэйскай буржуазіяй. Бундаўская прэса перапоўнена артыкуламі аб разьвіцьці агульна-гэбрэйскай культуры і мовы «ідыш», аб барацьбе за «ідыш» і культурна-нацыянальную аўтономію, якую Бунд уставіў у сваю програму. Бунд прыняў дзейны ўдзел ў тым руху, які падняўся наўкола пытаньня аб організацыі сьвецкай гэбрэйскай абшчыны. Бунд лічыў, што абшчына, абраная на аснове агульнага, роўнага, простага і патаемнага галасаваньня, будзе тэй базай, на якой можна будзе пабудаваць культурна-нацыянальную аўтономію. Усю сваю энэргію ён укладаў у працу ў легальных культурна-нацыянальных організацыях, як, напрыклад, літаратурна-музыкальныя, драматычныя гурткі, вячэрнія школы для рабочых, гэбрэйскае літаратурнае вобчаства, вобчаства пашырэньня пісьменнасьці сярод гэбрэяў і г. д.

А між тым сярод рабочых і сялянскіх мас царскай Расіі зноў пачынаецца пад'ём. Цяжкае экономічнае палажэньне нізоў, бязупынная эксплёатацыя і політычны зьдзек вярхоў робяць сваю справу. Зноў пачынаюцца забастоўкі прамысловых і вясковагаспадарчых рабочых. Сялянская вёска дзе-нідзе таксама выяўляе сваё нездаваленьне. Самаўладзтва заўзята абараняе інтарэсы фэўдалаў-паноў і фабрыкантаў. Запаўняюцца турмы, ідуць расстрэлы тых, хто падымае галаву проці рэжыму. Вайна 1914 году ломіць старыя рамкі жыцьця і пачынае сабою новы пэрыод гісторыі як Расіі, так і Беларусі.