Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/166

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЧАЦЬВЕРТЫ І ПЯТЫ ПЭРЫОДЫ БЕЛАРУСКАЕ ГІСТОРЫІ

Чацьверты і пяты пэрыоды гісторыі Беларусі праходзяць у XIX і пачатку XX сталецьця. Чацьверты пэрыод складаецца з гісторыі Беларусі, якая ўвашла ў склад Расійскай імпэрыі. Ён канчаецца разам з развалам царскай Расіі, гэтай вялікай «турмы народаў». Рэволюцыя 1917 году пачынае сабою пяты пэрыод гісторыі Беларусі, каторы мы перажываем у бягучы момант. Гэтыя два пэрыоды гісторыі Беларусі апрацованы аўтарам у асобнай кніжцы, да якой мы і адсылаем тых, хто хоча дэтальна азнаёміцца з гісторыяй Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця. Тут у «Кароткім нарысе» мы зробім толькі конспэкцыйны абгляд гісторыі Беларусі за IV і V перыоды.

БЕЛАРУСЬ У СКЛАДЗЕ РАСІЙСКАЙ ІМПЭРЫІ

Пасьля трох падзелаў Рэчы Паспалітай уся этнографічная Беларусь увашла ў склад царскай Расіі. З дзяржавы ўжо разваленай яна папала ў дзяржаву, каторая таксама паступова развальвалася. I Расія хварэла тою самаю панска-шляхецкаю хваробаю, ад каторай памерла Рэч Паспалітая. Доля працоўных мас Беларусі не палепшылася ад політычнай перамены.

Урад Катарыны II, прылучыўшы новыя землі, абвясьціў насельніцтву Беларусі, што «каждое состояние (сословие) из жителей присоединенных земель вступает с самого сего дня во все оному свойственные выгоды по всему пространству империи Российской». Выгады працоўных мас у Расіі нам добра вядомы. Зразумела, што гэтыя «выгады» не пасьміхаліся, напр., беларускаму сялянству. Іначай стаяла справа з беларускай шляхтай. Яна ня страціла прыгоннага права на сялян. У Расіі пакуль што яшчэ не было такіх моцных рэформістых, якія завяліся ў канцы XVIII сталецьця ў Польшчы і палохалі шляхту ўсялякімі проэктамі рэформ. Ня дарма панства прылучанай Беларусі паднясло рускаму ўраду адрас, у якім, паміж іншым, было сказана: «Живя не в Польше, мы чувствуем себя как-бы в Поль-