ладзьдзя, заняў сваімі войскамі заходнія провінцыі Польшчы. Зноў вынікла пытаньне аб компэнсацыі дзяржаў, каторыя патурбаваліся і зрабілі парадак у Рэчы Паспалітай. На гэты раз Расія й Прусія запатрабавалі ў сойме, скліканым у Горадні, згоды на аддачу ім за фатыгу зямель. Пасьля бескарысных спрэчак з прадстаўнікамі «дапамогшых» дзяржаў паслы сойму, бачачы, што няма рады абараніць тэрыторыі ад захвату, замоўклі зусім. У такім нямым пасяджэньні сойм прасядзеў да глыбокай ночы. Гэтае маўчаньне было растлумачана як згода, і адбыўся ў 1793 годзе другі разьдзел зямель Рэчы Паспалітай паміж Прусіяй і Расіяй. Прусія забрала Данцыг і Вялікую Польшчу, а Расія Валынь, Падолію і Менскую акругу. Астатнія землі Рэчы Паспалітай былі абвешчаны формальна пад протэкторатам Расіі. Варшава была занята рускімі войскамі.
Патрыоты, ня гледзячы на ўсе беды, каторыя абрушаліся на Рэч Паспалітую, ня гледзячы на здраду з боку рэакцыйнай шляхты, не пакідалі сваіх плянаў аб тым, каб выратаваць сваю айчыну. Ня маючы магчымасьці працаваць адкрыта, яны павінны былі ўтварыць тайную організацыю і цэнтр яе перанясьці ў замежныя землі. Мэтаю організацыі была барацьба за непадзельную і незалежную Рэч Паспалітую з констытуцыяю 1791 году. Гэтыя організацыі былі і ў Польшчы, Літве і Беларусі. Яны працавалі сярод шляхты і мяшчан. Да сялянскіх слояў іх праца амаль што зусім не даходзіла.
Паўстаньне пачалося адразу пасьля другога разьдзелу. У 1794 годзе паўстаньнем былі ахоплены такія гарады, як Кракаў, Варшава, Вільня і Горадня. У Варшаве пасьля таго, як яна была захоплена паўстанцамі, злажыўся Часовы Урад, каторы абвясьціў вайну Расіі і Прусіі. Дыктатарам і галоўным начальнікам над усімі збройнымі сіламі быў абраны Тадэуш Касьцюшка, вядомы яшчэ раней як абаронца констытуцыі 1791 году ад Тарговіцкай конфэдэрацыі. Сын дробнага шляхціца на Беларусі, ён вучыўся раней у Бярэсьці, потым у вайсковай школе Чартарыйскага ў Варшаве, адкуль як здольны вучань пасылаўся на скарбовы кошт у Францыю. Тут ён захапіўся рэволюцыйным рухам і пасьля нядоўгага жыцьця ў Польшчы паехаў у Амэрыку, дзе абараняў незалежнасьць Злучаных Штатаў ад Англіі. Там ён выдзеліўся сваімі здольнасьцямі і